Зянон Пазняк прапанаваў беларусам новую дзяржаўную праграму


Ключавыя пункты Народнай праграмы «Вольная Беларусь»

Падрабязнасці пачулі ўдзельнікі прэзентацыі ў варшаўскім Доме журналіста. Сустрэча супала з Днём народзінаў лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазняка. Менавіта ён са сваймі паплечнікамі стварыў гэты праект.

«Гэта праграма для ўсёй нацыі. Раней ці пазней гэты рэжым скончыцца. Трэба каб людзі ведалі што рабіць. Нельга каб апынулася так, што ўлада валяецца на дарозе, і хто першы дабег, той першы яе падняў», – зазначыў Зянон Пазняк.

Галоўная змена – грунтоўная рэформа палітычнай мадэлі

Увядзенне зменаў азначала б канец прэзідэнцкай улады з неабмежаванымі паўнамоцтвамі.

Прэзідэнт валодае заканадаўчаю ініцыятывай, але не выдае ніякіх заканадаўчых актаў; ён можа рабіць звароты і заявы, прымаць дэкларацыі і мемарандумы. Адзіны заканадаўчы дакумент, які можа выдаць прэзідэнт, – пастанова аб роспуску парламенту.

Заканадаўчую ролю, як гэта было і раней, бярэ не сябе парламент

Менавіта перад ім складала бы справаздачу выканаўчая ўлада – урад. Беларусь, паводле новага праекту, мае стацца парламенцка-прэзідэнцкаю краінай.

«Адна з галоўных справаў гэта забяспечыць гарантыю дэмакратыі, забяспечыць такую сістэму, якая не пры якіх умовах не прывяла б да дыктатуры. Тое, што нашая нацыя перажыла за апошнія 22 гады, мы гэта ўлічылі», – тлумачыць Зянон Пазняк.

Замест 6 вобласцяў – 16 ваяводстваў

Замене састарэлай камандава-адміністратыўнай сістэмы маюць паспрыяць і рэформы ў сферы самакіравання, а таксама новы тэрытарыяльны падзел. Аўтары праекту прапаноўваюць замест шасці існых вобласцяў стварыць шаснаццаць ваяводстваў, асобную адміністрацыйную адзінку Менск, а таксама прыблізна 60 паветаў і 270 старостваў. Мясцовыя органы самакіравання, згодна з праграмаю, маюць атрымаць шырокія паўнамоцтвы.

Мясцовае самакіраванне вырашае дзве асноўныя задачы

Забяспечвае палітычную дэцэнтралізацыю, што змяншае магчымасці цэнтральнай улады дыктаваць волю і ўмешвацца ў пытанні мясцовага ўзроўню; стварае магчымасці для больш эфектыўнага і аператыўнага развязання актуальных праблемаў мясцовага значэння.

Паводле аўтараў праграмы, змененая мусіць быць і эканамічная мадэль

Сярод першачарговых дзеянняў – выхад з Мытнага саюзу і Еўразійскага эканамічнага саюзу, рэформа банкаўскай сістэмы, замену нацыянальнай грашовай адзінку з рубля на талер, прыватызацыя прадпрыемстваў, палёгкі для субʼектаў гаспадарання. Ключавое застаецца пытанне эканамічнае незалежнасці ад Расеі.

«Адсячэнне нас ад штучнай прывязкі да нізка тэхналагічнай краіны, пераарыентацыя на высокатэхналагічныя краіны, пабудовы новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў – гэта выхад для нас», – запэўнівае сустваральнік праграмы Юры Беленькі.

Некаторыя пытанні вонкавай палітыкі мусяць застацца адкрытыя

Аўтары праграмы кажуць пра немагчымасць пакуль далучыцца да структураў НАТО. Хуткая сяброўства ў Еўразвязе таксама сумнеўнае. Стваральнікі праграмы прызнаюць: неабходна шукаць новыя формы міжнароднай супрацы.

«Мы мусім у хуткім часе трансфармаваць і палітычную, і эканамічную, і сістэму бяспекі, каб гарантаваць цэласнасць дзяржавы, абмежаваць магчымую агрэсію з боку Расеі. Безумоўна, без падтрымкі Еўразвязу і НАТО, Беларусь не ўстане супрацьстаяць Расеі», – мяркуе Павел Вусаў, сустваральнік праграмы.

Якім чынам?

Пошукі адказу працягнуцца на такіх, як сёння, дэбатах у Варшаве.

Тое, што змены ў Беларусі пачалі саспяваць у хуткім тэмпе, усё больш відавочна. Будучыня нашай краіны ў большасці залежыць цяпер ад эфектыўнага плану і адмыслоўцаў, якія возьмуцца за яго рэалізацыю. Зразумела таксама, што без грунтоўнай рэформы найперш палітычнай сістэмы ніякіх добрых зменаў чакаць не даводзіцца.

Ян Бабіцкі, «Белсат»