ЗША выйшлі з Рады па правам чалавека ААН. А што ўзамен?


ЗША выйшлі з Рады правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, рэзка раскрытыкаваўшы яе за «палітычную перадузятасць і антыізраільскую тэндэнцыйнасць». Скандальны крок Штатаў адбыўся на фоне ўсё мацнейшай крытыкі ўжо ў іх бок за палітыку раздзялення сем’яў нелегальных мігрантаў.

Яны папярэджвалі раней і ўсё-такі гэта зрабілі. Шэраг міжнародных ініцыятываў, з якіх апошнім часам выйшлі Злучаныя Штаты Амерыкі, папоўніла і Рада правоў чалавека ААН – прынамсі датуль, пакуль арганізацыя не будзе істотна рэфармаваная.

«Мы ідзем на гэты крок не таму, што адмаўляемся ад нашых абавязкаў у галіне правоў чалавека. Наадварот, гэты крок выкліканы тым, што нашая прыхільнасць не дазваляе нам заставацца часткаю крывадушных і карыслівых арганізацыяў, якія ператвараюць правы чалавека ў пасмешышча», – сказала прадстаўніца ЗША пры ААН Нікі Гэйлі.

Рада правоў чалавека ААН трапляла пад крытыку і дагэтуль, найперш за ўдзел у ёй дзяржаваў, вядомых сістэматычным парушэннем правоў чалавека. Між тым цяперашні крок ЗША адзінадушнага падтрымання ў міжнароднай супольнасці не знайшоў.

«Рада правоў чалавека без Злучаных Штатаў Амерыкі будзе слабая. Зрэшты, і намаганні ЗША ў справе абароны і заахвочвання правоў чалавека ў свеце саслабнуць», – сказаў прэзідэнт Славеніі Борут Пахар.

Не зважаючы на слушнасць крытыкі арганізацыі Штатамі, выхад з Рады не дае адказу на лагічнае пытанне «а што наўзамен?», падкрэслівае віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і старшыня рэпрэсаванага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Дарэчы, у колькасці рэзалюцыяў Рады – іх было ажно шэсць – адносна сітуацыі з правамі чалавека нашая краіна – на пятым месцы.

«Усясветная пазіцыя ў ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі дастаткова аб’ектыўная. І яна спрыяе змяншэнню ўзроўню парушэння правоў чалавека ў Беларусі», – кажа старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Дарэчы, ужо на наступным тыдні са сваім апошнім дакладам пра Беларусь на сесіі Рады правоў чалавека ААН выступіць адмысловы спавяшчальнік арганізацыі Міклаш Харасці. Як вынікае з суправаджальнай запіскі дакладу, у нашай краіне захоўваецца «становішча здушэння правоў і свабодаў грамадзянаў».

«Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае характарызавацца адмоваю ад супрацы з праваабарончымі механізмамі ААН і невыкананнем іх рэкамендацыяў».

Адноўленыя рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў датычаць перадусім нашага тэлеканалу. За супрацу з «Белсатам» улады судзяць і штрафуюць практычна ў рэжыме нон-стоп. А таму не дзіва, што па абарону сваіх правоў нашыя калегі звяртаюцца ў тым ліку і ў ААН.

«Ці ёсць у гэтым сэнс? Я лічу, што сэнс ёсць. Канечне, беларуская дзяржава зараз свае прысуды не адменіць. Тым не менш гэта паказвае міжнароднай супольнасці, што правы чалавека ў Беларусі, у прыватнасці правы журналістаў парушаюцца. І ў будучыні ўсё-такі, я думаю, гэтыя прысуды будуць адмененыя, і тыя спагнанні з мяне будуць знятыя», – кажа журналіст Зміцер Лупач.

І ў гэткай сітуацыі ў чарговай рэзалюцыі пра Беларусь, калі яна будзе ўхваленая, голас ЗША, вядома, прыдаўся бы. Як і ў іншых – па ўсім свеце.

Валера Руселік belsat.eu