ЗША распачнуць спаборніцтва за ўплыў ва Усходняй Еўропе


Беларусь – бастыён супраць расейскага імперыялізму, а ЗША будуць спаборнічаць за ўплыў ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША. Свой уплыў Штаты збіраюцца пашыраць праз пазітыўны імідж сваёй краіны, якая ў адрозненне ад яе супернікаў – Расеі і Кітаю – з‘яўляецца магутнай дэмакратыяй.

«…Задоўга Захад не ўспрымаў барацьбу [за ўплыў у рэгіёне] сур’ёзна. Пасля халоднай вайны шмат хто на Захадзе паверыў у канец гісторыі, што трывалыя часткі рэчаіснасці, такія як геаграфія, гісторыя і нацыя, больш не маюць значэння», распавёў Ўэс Мітчэл, памочнік Дзяржсакратара ЗША па Еўропе і Еўразіі.

Менавіта гэта, паводле Ўэса Мітчэла, і сталася адною з прычынаў таго, што Расея распачала ваенную агрэсію супраць Грузіі ды Украіны, а свой уплыў у нашай частцы Еўропы ўпершыню займеў нават аўтарытарны Кітай. Цяпер жа прыйшоў час, каб ЗША абралі іншую стратэгію і ўключылася ў змаганне за рэгіён.

«Сёння нацыянальны суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць памежных дзяржаваў, як Украіна, Грузія і нават Беларусь, ёсць надзейным бастыёнам, які абараняе ад расейскага неаімперыялізму. Менавіта нацыянальныя дзяржавы Еўропы ёсць узорам мадэлі эканамічнага росту, і менавіта яны будуць вызначаць будучыню Еўропы ды яе інстытуцыяў», – адзначыў Ўэс Мітчэл, памочнік Дзяржсакратара ЗША па Еўропе і Еўразіі.

Тое, што Беларусь прагучала ў дакладзе амерыканскага чыноўніка, на думку Яўгена Красуліна, надае аптымізму і можа сведчыць, што ў вачах Захаду нашая краіна не ёсць неадʼемнаю часткаю Расеі.

«Усё ж такі пазіцыя не такая цынічная заходніх палітыкаў. Яны не гатовыя ахвяраваць нейкаю часткаю свету дзеля таго, каб, як казалі ў першай палове ХХ стагоддзя, у такой сітуацыі прымірыць агрэсара», – лічыць Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

А што думаюць беларусы: ці здольныя мы супрацьстаяць вонкавай агрэсіі?

«Кадры ў войску добрыя, вывучаныя, акадэмія працуе, выпускаюць афіцэраў, новыя тэхналогіі, новае ўзбраенне, чаму не?»

«Не, не можа. Чаму? Бо слабенькая краіна».

«Мы занадта маленькая краіна, каб супрацьстаяць».

Яўген Красулін такія выказванні называе комплексамі, што ўбіваліся нашаму народу яшчэ за савецкім часам.

«Не такая ўжо маленькая краіна, нават калі паглядзець на мапу Еўропы ды параўнаць, скажам, Беларусь, Польшчу, Нямеччыну, Францыю, Іспанію. Мы нармалёва выглядаем у гэтым шыхце. Калі ўзяць па насельніцтве – мы на ўзроўні Швецыі. Ніхто не скажа, што Швецыя – гэта маленькая краіна».

А таму рэч менавіта ў нашым самаўспрыманні, дадае адмысловец. Калі мы будзем паважаць сваю тоеснасць, то словы прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартаменту пра свабодныя еўрапейскія нацыі можна будзе аднесці і да нас самых.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»