Золатавалютныя рэзервы Беларусі растаюць


Золатавалютныя рэзервы ад пачатку года зменшыліся амаль на паўмільярда долараў. Урадоўцы кажуць, што грошы збольшага пайшлі на выплату даўгоў. Але пры гэтым дзяржаўная запазычанасць нашай краіны расце. Як такое можа быць і якім чынам гэта адб’ецца на дабрабыце людзей?

Планавае пагашэнне ўрадавых пазыкаў і зніжэнне кошту золата. Гэтак урадоўцы патлумачылі 7-адсоткавае змяншэнне золатавалютных рэзерваў па выніках першага паўгоддзя.

Сёлета ўлады вярталі грошы Кітаю, Расеі, Еўразійскаму фонду і невялікую суму, пазычаную раней у Злучаных Штатаў. Найвялікшая выплата была – біржавым інвестарам у беларускія аблігацыі.

«На пачатку гэтага году было праведзена пагашэнне еўрабондаў на суму каля 800 мільёнаў», – кажа аналітык «Teletrade.by» Міхаіл Грачоў.

Але ўзровень дзяржаўнага доўгу ад гэтага, практычна, ня зменшыўся. А, з улікам курсавых розніцаў, павялічыўся ад пачатку году на 0,5 %. Замест пагашанага выпуску еўрабондаў, улады сёлета выпусцілі новыя. А таксама пазычылі амаль $ 400 млн у Расеі, плюс, драбнейшыя сумы – у кітайскіх банкаў ды міжнародных крэдытораў.

«Для нас гэта – вельмі многа. Самі аддаваць не можам. Мы можам толькі аддаваць доўг, толькі калі бярэм новыя», – заўважае прафесар эканомікі Леанід Злотнікаў.

Цяпер, з улікам гарантыяў, выдадзеных па крэдытах дзяржпрадпрыемствам, дзяржаўная запазычанасць Беларусі ў валюце складае больш за палову ад валавога ўнутранага прадукту. Для параўнання, у Злучаных Штатаў ці Японіі пазыкі перавышаюць ВУП у разы. Але згаданым краінам пазычаюць пад адсотак, блізкі да нулявога ці нават адмоўны. Тобок – даплочваюць ім за захаванне сваіх грошай. Беларусь жа, на выплаты па адных толькі адсотках, заклала сёлета ў бюджэт паўтара мільярда долараў. Гэта – 17 % рэспубліканскага бюджэту, або кожны шосты рубель падаткаплатнікаў.

«Ужо каля 11 % ад ВУП сёлета трэба заплаціць па замежнай запазычанасці. Уявіце сабе, што 10-ую долю сваіх даходаў, штомесяц вы павінны аддаваць», – працягвае Міхаіл Грачоў.

Замест таго, каб карыстацца спрыяльнымі замежнымі ўмовамі для змяншэння крэдытнай нагрузкі, улады, наадварот, бяруць новыя. Агулам, выдаткі на выплату адсоткаў па пазыках – такія ж, як увесь рэспубліканскі бюджэт на адукацыю ды медыцыну, разам узятых. І іх доля ў бюджэце штогод павялічваецца.

Крэдытны рэйтынг Беларусі знаходзіцца ў смеццевай катэгорыі, але прагноз пакуль стабільны. Рэйтынгавыя агенцыі тлумачаць гэта спрыяльнымі замежнымі ўмовамі для беларускай эканомікі ды разлікам на тое, што, у выпадку недахопу сродкаў, выплаты па крэдытах Менску дапаможа зрабіць Масква. Але, адмыслоўцы папярэджваюць: пры пагаршэнні вонкавых умоваў выплаты па адсотках лягуць на беларускі бюджэт непадʼёмным цяжарам. У выпадку ж, калі Крэмль адмовіць свайму саюзніку ў крэдытнай падтрымцы, або, хаця б затрымае чарговую порцыю дапамогі, беларускія золатавалютныя рэзервы могуць абнуліцца цягам году, правакуючы спіраль дэвальвацыі ды інфляцыі.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Danish Siddiqui/ Forum