Знайдзена новае месца, дзе было знішчана 25 тысяч ахвяраў Другой сусветнай вайны


Новае месца расстрэлаў у часе Другой сусветнай вайны знайшлі ў вёсцы пад Гомлем. Адбылося гэта дзякуючы гісторыі Аляксандра Котава, які быў сведкам расстрэлаў і паабяцаў пахаваць ахвяраў па-чалавечы. Цяпер справу гонару працягвае ягоны сын.

У пасёлку Чырвоны Багатыр, што пад Гомлем, ужо каторы дзень ідуць раскопкі: на месцы рову часоў Другой сусветнай знайшлі чалавечыя парэшткі, гадзіннікі, манеты, кавалкі вайсковай формы, а таксама – нямецкія гільзы ад аўтаматаў.

Гісторыкі мяркуюць, што тут расстрэльвалі ваеннапалонных, якія былі ў гомельскім канцэнтрацыйным лагеры, вязняў гестапа ды вязняў гета. Факт, што гэта былі расстрэлы, пацвярджаюць і назіранні ўдзельнікаў раскопак.

«Чалавечыя парэшткі ляжаць хаатычна, з гэтага таксама можна зрабіць вынік, што гэта быў расстрэл», – тлумачыць сапёр 2-га пошукавага ўзводу яфрэйтар Сяргей Старавойтаў.

Знайшлі гэтае месца не гісторыкі і не археолагі, а неабыякавыя грамадзяне: журналісты Кастусь Жукоўскі ды Павел Міцкевіч, а таксама жыхар пасёлку Чырвоны Багатыр Уладзімір Котаў. Апошні за свае ўласныя грошы купіў на аўкцыёне ў ЗША архіўныя здымкі, дзякуючы якім удалося знайсці дакладнае месца.

Пра роў Уладзіміру распавёў ягоны бацька, які ў дзяцінстве бачыў расстрэлы на ўласныя вочы. З адною з ахвяраў бацьку Уладзіміра Котава давялося нават паразмаўляць.

«Пабачыў, што адзін чалавек, чырвонаармеец, быў у форме чырвонаармейца, жывы, ён сказаў: сынок, ты нам нічым не дапаможаш, але, калі гэтая вайна скончыцца, хай нас пахаваюць па-чалавечы», – пераказвае ўспаміны бацькі спадар Уладзімір.

Але, калі бацька пасталеў, знайсці месца расстрэлаў ён не змог: улады не дапамагалі, а роў параўняўся з полем. Працягнуць справу бацькі ўзяўся Уладзімір Котаў. Далучыліся і мясцовыя гісторыкі, якія збіраюцца папрасіць улады, каб на месцы рову пабудавалі мемарыял. Кажа навуковы працаўнік Веткаўскага музею стараабрадніцтва Андрэй Скідан:

«Каб гэты роў стаў месцам памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны, розных ахвяраў: і габрэяў, і беларусаў, і вайскоўцаў з розных плямёнаў і народаў».

Пакуль жа на месцы расстрэлаў стаіць самаробны драўляны крыж, які прынеслі актывісты і, колькі часу зоймуць раскопкі, – невядома. Паводле папярэдніх падлікаў гісторыкаў, у гэтым рове можа быць пахавана каля 25 тысячаў чалавек.

Настасся Храловіч, «Белсат»