Зміцера Дашкевіча аштрафавалі за ўдзел у санкцыянаванай акцыі


Апошнія гады на суды па адміністрацыйных справах Зміцер Дашкевіч не прыходзіць. Маўляў, суды з палітычным кантэкстам праходзяць аднолькава і вынікі вядомыя загадзя. Але для гэтага паседжання ён зрабіў выключэнне. Брутальнае затрыманне і цынічныя паводзіны міліцыянтаў прымусілі яго прыйсці ў суд.

«Я з такім раней ніколі не сутыкаўся, каб пры затрыманні тыкалі дубінкаю ў зубы, казалі смакчы, збівалі, як дазваляе фантазія. І я мяркую, праз тое, што журналісты звяртаюць на іх увагу, гэта ім вельмі не падабаецца і ёсць пэўнай гарантыяй, што далей яны такога з людзьмі рабіць не будуць».

Тут жа ў калідоры Дому правасуддзя былі і супрацоўнікі сталічнага АМАПу, Андрэй Лявонаў і Павел Яфрэмаў якія праходзілі ў якасці сведкаў па справе. Пра іх дзеянні ў часе затрымання распавёў яшчэ адзін удзельнік акцыі 7 лістапада Арцём Леўчанка.

«Там дзе я сядзеў пачыналіся ногі Змітра, ён ляжаў на падлозе, ён маліўся, Яфрэмаў некалькі разоў біў яго па нагах, пасля ён пераключыўся на мяне, падносіў дручок да вуснаў і пытаў, ведаеш што гэта, жанчынам гэта падабаецца».

У часе выступу ў судзе супрацоўнік АМАПу Павел Яфрэмаў, дагаварыўся да таго, што Дашкевіч увогуле мусіць быць удзячны, што яго слаба збілі.

«Наконт цялесных пашкоджанняў Дзмітрый мусіць сказаць дзякуй, што яны такія маленькія».

Нягледзячы на хадайніцтва далучыць да справы відэа з падзеяў 7 лістапада, суддзя адмовілася гэта зрабіць. У той дзень Леніна перанеслі з тэрыторыі заводу і паставілі перад прахадною МТЗ. Акцыя пратэсту з гэтай нагоды цягнулася лічаныя хвіліны.

Паводзіны АМАПу праваабаронца Алег Волчак называе дыскрэдытацыяй органаў унутраных справаў.

«Падчас акцыі пратэсту 7 лістапада Зміцер Дашкевіч разам з паплечнікамі трымалі аркушы з цытатамі Леніна, сярод якіх быў ленінскі лозунг пра тое, што суд мусіць абгрунтаваць і ўзаконіць чырвоны тэрор», – узгадаў спадар Волчак.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»