«Зміцер Саўка быў душою «Белсату»


Рэдактар і вядоўца нашага тэлеканалу выказаўся пра заўчасную смерць вядомага мовазнаўца.

На 51-м годзе жыцця адышоў Зміцер Саўка. Выбітны мовазнавец, даследнік, навуковец. Суаўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» і «Беларускі клясычны правапіс». На «Белсаце» Зміцер Саўка распрацаваў моўны фармат, якім мы карыстаемся, стварыў адмысловую моўную службу. Разам з ёй запусціў унікальны онлайн-сэрвіс «Добрапіс». Быў аўтарам і экспертам праграмы «Моўнік», якая выходзіла на нашым тэлеканале.

«Калі кажуць, што мова гэта душа народу, мне падаецца, што Зміцер Саўка для нас, для «Белсату», быў такой душою. Мова, якой мы карыстаемся, якую чуюць нашыя гледачы штодня, – гэта мова, якая назаўсёды застанецца з намі. Таму гэтая душа, Зміцер Саўка, будзе прамаўляць кожны дзень з нашых тэмаў і выданняў. Ён заўсёды будзе з намі, заўсёды будзе з гледачом», – адзначыў вядоўца і рэдактар «Белсату» Сяргей Падсасонны.

«Белсат» выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Змітра Саўкі. Смуткуем разам з вамі.