Жанчыну, якая залезла на кран, спрабавалі забраць у варʼятню


 На адлегласці некалькі дзясяткаў метраў над зямлёю амаль пад самай стралой будаўнічага крану стаяла жанчына. Яна пагражала скочыць, у выпадку, калі чыноўнікі не прыслухаюцца да яе патрабаванняў. Як стала вядома пазней, гэта была жыхарка сталіцы Галіна Ігнатовіч. Тыдзень таму ў роспачы яна шукала дапамогі ў нашага тэлеканалу, распавёўшы «Белсату» пра план зносу ейнага дому ды несправядлівую кампенсацыю.

«Я не хачу жыць у горадзе, я прызвычаілася жыць на зямлі. Я атрымоўваю Br 200 пенсіі. Я не здолею выжыць за гэтыя грошы. Давядзецца Br 100 плаціць толькі за камунальныя паслугі». – паскардзілася Галіна Ігнатовіч.

Як выявілася, жанчына правяла на кране ўсю ноч

Раніцою яна пачала акцыю пратэсту, вывесіўшы дзяржаўны сцяг. Хутка на месцы зʼявілася міліцыя, працаўнікі МНС і медычныя ратаўнікі. На шматлікія просьбы службоўцаў Галіна адказвала адмоваю спускацца ўніз. Тады начальнік менскай міліцыі Аляксандр Барсукоў паехаў з дзецьмі жанчыны на перамовы са старшынём Менгарвыканкаму. Раптам Галіне стала кепска. Медыкам удалося пераканаць яе прыняць лекі, спусціцца ды паехаць у шпіталь.

Хацелі забраць у варʼятню

Са словаў сваякоў Галіны, пасля абследавання жанчыну хацелі забраць у псіхіятрычны шпіталь. Дзеля гэтага прыбыла адмысловая брыгада з «Навінак». Аднак крэўным жанчыны ўдалося паціху забраць яе дадому.

«Хацелі прызнаць яе вар’яткай, што яна хворая. Пабыла б некалькі дзён у шпіталі і выкраслілі б жыцця, і зрабілі б вар’яткай. Магчыма, на гэтым грунце яе б маглі пазбавіць і той жылплошчы, якую давалі. Тут можна б меркаваць аб розных рэчах», – упэўненая сваячка Таццяна.

Сямʼі супрацьстаіць гулец хакейнай каманды Лукашэнкі

У Менску загаварылі аб пабудове элітнага комплексу «Алімпік-Парк». У якасці забудоўніка абʼекту фігуруе кампанія «Тапас», якую ачольвае Павел Белы, вядомы як гулец хакейнай каманды Лукашэнкі. Дом Ігнатовічаў плошчаю сто шаснаццаць квадратных метраў быў прызначаны пад знос. У якасці кампенсацыі Галіне, яе былому мужу і сынам з семʼямі (агулам 11-ці асобам) вылучылі тры двухпакаёўкі. Аднак замест кватэры Галіна намагалася дабіцца для сябе грашовай кампенсацыі.

«Тое, што патрабуе Галіна Ігнатовіч, цалкам адэкватна. Ёсць закон, які прадугледжвае тры віды кампенсацыі: новыя кватэры, грашовая кампенсацыя ды нават вылучэнне зямельнага ўчастку наўзамен за той, што забіраюць», – тлумачыць Дзяніс Кобрусеў з кампаніі «Генплан для менчукоў».

Грашовую кампенсацыю, прадугледжаную законам, вылучаць адмовіліся

Не дапамаглі і суды. Адзін за адным выдаваліся рашэнні не на карысць жанчыны. Да таго ж працэдуру высялення аформілі такім чынам, што Галіна Ігнатовіч не паспела звярнуцца ў Вярхоўны Суд.

Пакуль справу зносу дому Ігнатовічаў перанеслі на 6 лютага. А сённяшні дзень нагадаў, што гэта далёка не першая радыкальная захада, каб дагрукацца да чыноўнікаў. Летась у красавіку прадпрымальнік Дзмітрый Сталяроў таксама залез на кран у Менску. Такім чынам ён намагаўся выплаты залеглага затрыманага. Што чакае Галіну Ігнатовіч? Нельга выключыць, што яе могуць прыцягнуць да адказнасці. Як паведамілі сёння «Белсату» ў менскай міліцыі, па факце інцыдэнту вядзецца правяранне.

Ян Бабіцкі, «Белсат»