Аб'ектыў 13.09.2018 Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску праваахоўнікаў


Змагаешся за свае правы – будзь гатовы да ціску з боку праваахоўнікаў. Супраць жыхара Рэчыцы аднавілі закрытую паўгода таму крымінальную справу. Мужчына ўпэўнены: гэта звязана з канфліктам, які ён меў са службовай асобаю.

Дзяніс Барсукоў жыве ў Рэчыцы. Сёлета ў сакавіку да яго на вуліцы звярнуліся двое мужчынаў і, са словаў Барсукова, прапанавалі набыць у іх мабільныя тэлефоны за нязначную суму. Ён пагадзіўся і купіў гаджэты для перапродажу. Аднак у выніку вулічныя прадаўцы напісалі на яго заяву ў міліцыю – нібыта той іх падмануў. Распавядае Дзяніс Барсукоў, жыхар Рэчыцы:

«У мяне ёсць адмова ў распачынанні крымінальнай справы – вінавацілі ў махлярстве. То бок я не быў вінаваты. Пасля канфлікту гэту справу рэзка накіравалі на дарасследаванне, распачалі крымінальную справу, а мяне пра гэта забыліся папярэдзіць. Даведаўся пра гэта з мясцовай газеты».

Канфлікт, пра які кажа Дзяніс, адбыўся ў ліпені. Каб уладкавацца на працу, мужчына праходзіў медкамісію. Велізарныя чэргі ды зачыненыя кабінеты дактароў расцягнулі паход у паліклініку на 5 дзён. Ён захацеў напісаць скаргу. Дзяніс Барсукоў:

«Я пачаў здымаць відэа пасля таго, як мне адмовілі прад’явіць кнігу скаргаў і прапановаў. То бок я папрасіў яе, але мне адказалі, што кнігу друкуюць! Менавіта таму я і пачаў весці здымкі, бо разумеў, што мае правы парушаюцца, каб зафіксаваць дадзены факт».

Аднак здымкі відэа справе не дапамаглі. Штурханіна паміж пацыентам і доктаркай Аленай Цямчык скончылася ўзаемнымі заявамі ў міліцыю. Аднак праваахоўнікі дагэтуль не скончылі праверкі. «Белсат» асвятляў гэтую гісторыю. Кіраўніцтва медычнай установы адмовілася каментаваць дзеянні сваёй працаўніцы, сказаўшы, што канфлікт пераведзены ў прававое рэчышча. Маўляў, хай суд разбіраецца.

Дзяніс медкамісію ўсё ж такі прайшоў. Дактары прызналі яго здаровым і прыдатным для той працы, на якую ён меўся пайсці. Але адрабіў – усяго адзін дзень. На працы мужчыну зрабілася блага, яго амаль на месяц паклалі ў шпіталь. Калі ж Дзяніс Барсукоў выпісаўся і прыйшоў на прадпрыемства, даведаўся, што яго звальняюць:

«Мяне звольнілі з працы – прызналі амаль інвалідам. Абяцалі пенсію, але пакуль ніхто не збіраецца даваць. Распачалі справу, але ніхто не паведаміў: толькі тэлефануе і пагражае следчы, прынамсі ён так называецца. Мяне фактычна пакінулі без сродкаў на існаванне. Я гэта ўсё звязваю з тым, што я раздзьмуў гэтую гісторыю: зняў на відэа ды не пабаяўся выкласці ў інтэрнэт».

У Дзяніса Барсукова хворыя сэрца і пячонка. Яму трэба лекавацца, але грошай на медыкаменты папросту няма. Ужо больш за год яны разам з бацькам жывуць на бацькаву пенсію 300 рублёў.

Міхась Ільін, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары