Зінэдын Зідан узначаліў «Рэал»


Прызначэнне ўжо ёсць. Зінэдын Зідан будзе кіраваць мадрыдскім «Рэалам» да завяршэння гэтага года. Ён змяніў Рафаэля Бэнітэса, які адпраўлены ў адстаўку. Кіраўнік клубу Флёрэнтына Пэрэс паведаміў сёння аб гэтым на прэс-канферэнцыі. Бэнітэс меў трохгадовы кантракт, змяніўшы на пасадзе Карла Анчэлёцці, але выніку не атрымалася. Зідан апошнім часам трэніраваў моладзевую каманду «Рэалу».

У фінале Чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю сярод моладзевых зборных згуляюць Фінляндыя ды Расея. Гаспадары форуму ў 1/2-й нанеслі паразу Швецыі 2:1, і з тым жа лікам расейцы перамаглі Злучаныя Штаты. Матчы за трэцяе месца і за залатыя медалі запланаваныя на 5 студзеня.

Лідар нямецкай футбольнай Бундэслігі – клуб «Баварыя» (Мюнхен) – правёў першае трэнаванне ў новым годзе. Афіцыйны занятак быў больш паказальны перад тым, як накіравацца ў больш доўгі зімовы трэнавальны лагер, які ў чэмпіёна Нямеччыны запланаваны на сталіцу Катару – горад Доха. Спатканне з Дохаю плануецца тыднёвае.