Аб'ектыў 22.01.2018 Жызнеўскаму магло быць 30. Узгадайма жыццё беларускага героя Украіны


Заўсёды на барыкадах. Паміж байцамі «Беркута» і пратэстоўцамі. Каб захаваць парадак і стрымаць агрэсію.

Такім Міхаіл Жызнеўскі назаўсёды застанецца ў памяці сваіх блізкіх і тых, хто прыйшоў сёння на ягоную магілу ля вёскі Сцяг Працы пад Гомлем – у чацвёртую гадавіну смерці.

Памятаюць не толькі беларусы, але і ўкраінцы

Раніцаю прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўшанаваў памяць першых ахвяраў Еўрамайдану. Апроч Міхаіла Жызнеўскага ў той трагічны дзень 22-га студзеня загінуў яшчэ адзін актывіст пратэсту – Сяргей Нігаян. Абодвум пасмяротна прысудзілі званне Героя Украіны.

Міхаіл Жызнеўскі браў удзел у пратэсце з самага пачатку. Ён уваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Еўрамайдан ад правакацыяў з боку сілавікоў. Ва Украіну Жызнеўскі пераехаў яшчэ ў 2005-м годзе. Як тлумачыў, з прычыны палітычнага пераследу ў Беларусі.

Міхаіл Жызнеўскі загінуў праз два месяцы пасля пачатку пратэстаў – падчас сутыкненняў з сілавікамі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Снайперская куля трапіла наўпрост у сэрца. Украінская пракуратура да гэтай пары не знайшла і не пакарала забойцаў.

Міхаіл Жызнеўскі быў адной з першых ахвяраў Еўрамайдану

Падчас акцыяў пратэсту ў Кіеве і ў рэгіёнах Украіны агулам загінулі 106 асобаў. Героі «Нябеснай сотні» жывуць у сэрцы і ўкраінцаў, і беларусаў, перакананых у тым, што Жызнеўскі загінуў за супольную справу.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Ларыса Шчыракова

Глядзі таксама
Каментары