Аб'ектыў 21.10.2017 «Жывеш сабе неяк у сваім мікрасвеце – і нармальна». Ці раззлаваныя беларусы насамрэч?


На Кастрычніцкай плошчы Менску адбыўся гэтак званы «Марш абураных беларусаў 2.0», арганізаваны Беларускім нацыяльным кангрэсам на чале з Мікалаем Статкевічам. На акцыі пратэсту гучалі ў асноўным сацыяльна-эканамічныя і палітычныя патрабаванні да ўладаў.

Спачатку – супраць дэкрэту № 3 і «новых пабораў», потым – супраць росту коштаў і дзедаўшчыны ў войску. Такія мэты пратэсту мелі арганізатары і ўдзельнікі другога «Маршу абураных беларусаў».

«Тэмы сацыяльныя, тэмы збяднення людзей, абрабавання народу. Ну і таксама тое, што кранае любую сям’ю, дзе ёсць маладыя хлопцы – пытанне здзекаў і забойстваў новабранцаў у войску», – кажа арганізатар акцыі Мікалай Статкевіч.

Але ці то праз кепскае надворʼе, ці праз простую людзкую апатыю выказаць сваю незадаволенасць на вуліцы Менску выйшлі ўсяго некалькі сотняў асобаў. Сярод іх – шмат ужо вядомых твараў і журналістаў.

«Што я думаю? Усіх запалохалі, а астатнія сядзяць, як мышы. Вось і ўсё. Гэта беларусы, на жаль», – разважае ўдзельнік акцыі.

Мітынг на Кастрычніцкай плошчы быў кароткі. Пасля прамовы арганізатараў распачалося традыцыйнае шэсце ў бок плошчы Незалежнасці. Пратэстоўцы скандавалі «Жыве Беларусь!», трымаючы плакаты з партрэтамі палітвязняў. Была на акцыі і даволі дзёрзкая расцяжка.

Паводле Мікалая Статкевіча, нягледзячы на прэвентыўныя затрыманні актывістаў, акцыя атрымалася і нават «прайшла годна». Маўляў, пастаўленыя задачы арганізатараў – паказаць волю да пераменаў і прымусіць уладу размаўляць з народам – выконваюцца.

«Сітуацыя, калі не саспее, людзі не выйдуць. Але нехта павінен трымаць сцяг. Нехта павінен паказваць, як можна змагацца. Нехта павінен быць арганізатарам. І мы гэтым займаемся», – тлумачыць Статкевіч.

Калі ёсць і арганізатар, і магчымасць выказацца, то чаму не выходзіць больш людзей – задаюцца пытаннем удзельнікі сённяшняй акцыі, а мы запыталі жыхароў Менску – чым найбольш яны абураныяныя.

«Нашую краіну апусцілі горш няма куды. Жахліва проста», – мяркуе жыхарка сталцы.

«Адзінае выйсце – гэта выйсці на вуліцы ды сказаць: да вы дасталі, рабяты!», – дадае мянчук.

Але ж чаму нават незадаволеныя беларусы, нягледзячы на відавочныя праблемы, аддаюць перавагу варыянту «не трэба абурацца» ды не выходзяць на масавыя пратэсты?

«Вядома, хацелася б, хацелася б таксама паўдзельнічаць, але ёсць пэўная боязь. Мне падаецца, кожны беларус разумее гэтую боязь», – кажа жыхар Берасця.

«Я ў палітыку ўвогуле не лезу. Жывеш сабе неяк у сваім мікрасвеце – і нармальна», – разваже жыхарка абласнога цэнтру.

Ці можа ўсё ж такі здолее ўзняцца пратэставы настрой, як гэта адбылося сёлета ўвесну? Пабачым ужо неўзабаве. Мікалай Статкевіч анансуе акцыі пратэсту ў рэгіёнах і вялікі менскі пратэст 25 сакавіка наступнага году.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары