Жырыноўскі: «З Захаду прыйшлі каталікі, палякі ды іншая нечысць»


Каля 80-ці тысячаў чалавек выйшлі ў цэнтр Масквы на афіцыйнае шэсце «Мы – адзіныя!». Сярод іншых, удзел у святкаванні Дня народнага адзінства ўзялі і прадстаўнікі ўсіх палітычных фракцыяў Дзяржаўнай думы – акрамя камуністаў.

УЛАДЗІМІР ЖЫРЫНОЎСКІ, ЛІДАР ЛДПР:

«З Захаду прышлі каталікі, палякі і ўсялякая іншая нечысць. Смута запанавала пасля смерці вялікага Івана Жахлівага, якога баялася ўся Еўропа!»

Зрэшты, сапраўднага адзінства не атрымалася не толькі з-за камуністаў, хоць на свята расейцаў заваблівалі грашыма – як у Маскве ды змушалі прыйсці пагрозамі – як у Чачэніі. Адначасова з афіцыйнымі ўрачыстасцямі ў шэрагу расейскіх гарадоў адбыліся і нацыяналістычныя «Расейскія маршы», удзельнікі якіх не хавалі антыпатыі да Крамля.

ПРАТЭСТОЎЦА, МАСКВА:

«Мы знаходзімся на гэтым Маршы, каб заявіць сваю катэгарычную нязгоду з палітыкай уладаў у знішчэнні нашае краіны. Нават не знішчэння – краіна ўжо знішчаная! Таму што адзіная сфера, якую ўлады развіваюць, – гэта вайсковая»

Сёння ж на Баравіцкай плошчы ў Маскве адбылося і ўрачыстае адкрыццё помніка кіеўскаму князю Уладзіміру, прымеркаванае зноў жа да Дня народнага адзінства.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

«Сёння наш абавязак – разам супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам, абапіраючыся на духовыя запаветы і бясцэнныя традыцыі адзінства і згоды, ісці наперад, забяспечваючы пераемнасць нашай тысячагадовай гісторыі».

Між тым, тое, што заснавальнікам Расейскай дзяржавы Крэмль называе сёння менавіта кіеўскага князя, таксама наўрад ці дадасць адзінства – на тле вайны на Данбасе, акупацыі Крыму і антыўкраінскай рыторыкі ў федэральных медыях. Але і адступаць Крамлю, які трапіў у пастку ўласнае прапаганды, няма куды – падкрэслівае гісторык Алег Трусаў.

АЛЕГ ТРУСАЎ:

«Канфлікт паміж Расеяй і Украінай яшчэ больш завастрыў праблемы старажытнай гісторыі. І, канешне, пасля таго, як князь Уладзімір стаў нацыянальным сімвалам украінскага народу, у Расеі схамянуліся. Бо калі яны губляюць Кіеўскую Русь і Старажытную Русь, то застаюцца немаведама з чым».

Зрэшты, паверыць можна нават у самую нахабную хлусню – дастаткова паўтарыць яе шматкроць, папярэджвае філосаф УЛАДЗІМІР ПАДГОЛ.

«Можна ўвогуле сказаць, што Расея падпарадкавала ўсіх дыназаўраў і распусціла іх са свайго запаведніку па ўсім свеце. Годзік прапаганда папрацуе – так яно і будзе!»

І яшчэ момант што да адзінства. У 1612-м годзе акупантамі, якіх выганялі маскавіты, былі найперш ліцвіны – нашыя продкі, якія анічога пра нейкае славянскае братэрства і саюзныя дзяржавы з Масковіяй не чулі.

Валеры Руселік, «Белсат»