Аб'ектыў 20.10.2017 Жыхары вёскі не вераць, што прадавачка падпаліла краму


Пра тое, што ў вёсцы Краснае сяло Слуцкага раёну сярод ночы палыхае крама, мясцовыя жыхары і падумаць не маглі. У ціхім невялікім паселішчы, дзе ўсе добра ведаюць адзін аднаго, нават шум не адразу выклікаў падазрэнні.

На месца здарэння выклікалі пажарных

У выніку падпалу – менавіта такую прычыну агучыла міліцыя – цалкам выгарала памяшканне ўнутры будынку. Полымя знішчыла тавар і гандлёвае абсталяванне. Справа не дайшла да абеду, як знайшлі і падазраваную. Ёю стала загадчыца крамы. Паводле версіі следства, яна магла здзейсніць злачынства, каб схаваць нястачу ў касе. Жанчына дапамагала аднасяльчанам дацягнуць да пенсіі і заробку, рэгулярна даючы тавары ў доўг.

«Далёка не ва ўсіх атрымлівалася разлічвацца своечасова, таму ў касе паступова ўтварылася нястача. Пры гэтым, напэўна, загадчыца і сама карысталася забароненай махінацыяй. Мяркуецца, што са жніўня да кастрычніка сума запазычанасці дасягнула не менш як 2000 рублёў», – заявіў Станіслаў Чухольскі, начальнік крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС.

Каб адвесці падазрэнні, жанчына інсцэнізавала крадзеж

Яна вынесла сейф і кінула яго каля крамы з рэшткамі – капейкамі. Вакол жа – раскідала папяросы, бутэльку ад гарэлкі і каўбасу.

Сітуацыя, калі падчас рэвізіі касы выручкі не хапала, дагэтуль ужо здаралася. Загадчыца крамы пакрывала нястачу са сваёй кішэні ды нават брала дзеля гэтага крэдыт у банку. Гэтым жа разам – плаціць чужыя даўгі не захацела. Аднак такой версіі не вераць ані сваякі жанчыны, ані мясцовыя жыхары.

Аднасяльчане не выключаюць, што жанчыну маглі падставіць

Напярэдадні яе бачылі ў кампаніі цыгана, які абяцаў адрамантаваць ейны стары аўтамабіль. Пасля здарэння мужчыну ў вёсцы больш не сустракалі. Следства ж гэтай версіі правяраць не стала. Да суда жанчына застаецца ў ізалятары часовага ўтрымання. Ёй пагражае да 10-ці гадоў зняволення.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары