Жыхары менскага «Уручча» абураюцца чарговым ушчыльненнем мікрараёну


Менск не расце, але робіцца ўсё больш цесны.

Менскія гарадскія ўлады пастанавілі пабудаваць аздараўляльны комплекс, падземны гараж і два паркінгі. Усё гэта за некалькіх метраў ад жылых дамоў. Жыхары абураюцца, што гэта ўжо шостае з ліку ўшчыльненне ў і без таго перанаселеным мікрараёне.

Пра будоўлю жыхары вуліцы Шугаева даведаліся выпадкова. Да гэтага ніхто не чуў пра планы ўладаў, не было і грамадскіх слуханняў, якія паводле заканадаўства, мусяць праводзіцца. Як толькі жыхары даведаліся пра новае будаўніцтва, пачалі збіраць подпісы, у першы ж дзень сабралі сотню. Аднак перадаць іх чыноўнікам не ўдалося.

«Патэлефанавалі ўвечары 19-га аб тым, што заўтра 20-га будзе пасяджэнне камісіі. Прыйшла, а мяне не пусцілі. Больш за тое, мяне хацелі вывесці з аховай», – распавядае Марына Грабёнка.

На наступны дзень жыхары сабраліся на месцы запланаванай будоўлі. Яны запатрабавалі, каб на сходзе прысутнічаў дэпутат гарадскога савету ад іхнай акругі.

Вось што кажа дэпутат Арцём Вялюха:

«Абвесткі былі, але, канешне, натуральным чынам яны былі сарваныя потым. Справа ў тым, што распаўсюджванне любой інфармацыі не прадугледжвае прымусовага яе данясення да кожнага жыхара. Дзеля гэтага і існуюць дошкі аб’яваў, інфармацыйныя інтэрэт-парталы і гэтак далей».

Жыхары кажуць, што ў свой час іх не праінфармавалі пра будаўніцтва рэстарацыі «McDonaldʼs». Наступствы такога суседства яны адчуваюць штодня. А паркінгі яшчэ больш пагоршаць сітуацыю.

«Усю ноч тут не спыняецца рух. Сігналяць машыны, ракочуць матацыклы, газуюць увесь час. Спаць немагчыма. Спім нармальна толькі ўзімку, калі зачыненыя форткі», – кажа жыхар мікрараёну Аляксандр Бацян.

Незадаволеная і пенсіянерка Валянціна Ламар:

«Я ніколі летам не адчыняю вокны. На вокнах алей. Ідзе смурод ад «McDonaldʼs», ад трасы. Гэта ж не другасная дарога. Гэта галоўная дарога. Яна дзень і ноч працуе. У маім пад’ездзе восем анкалагічна хворых людзей. Ну як нам далей жыць?».

На сходзе распрацавалі план дзеянняў. Прычым абавязалі дэпутата стаць на абарону іхных інтарэсаў.

«Будзе ствараная ініцыятыўная група па зборы подпісаў. Мы будзем рыхтаваць афіцыйны зварот», – агучвае планы жыхар мікрараёну Зміцер Копаць.

Калі раней жыхары мікрараёну «Уручча-2» пратэставалі супраць ушчыльнення, то ў выніку дабіваліся толькі адтэрміноўвання пачатку будоўлі. Амапаўцы разганялі людзей, калі тыя не давалі пілаваць дрэваў. Суды вінавацілі жыхароў у дробным хуліганстве. Але, не зважаючы на гэта, людзі зноў гатовыя бараніць свае правы. Яны спадзяюцца на дапамогу эколагаў і грамадскіх актывістаў.

Глядзіце таксама:

Любоў Лунёва, belsat.eu