Аб'ектыў 19.08.2017 Жыхары менскага мікрараёну «Лебядзіны» скардзяцца на «будаўнічую мафію»


Чарговая справа аб карупцыі ў будаўніцтве. Да «Белсату» па дапамогу звярнуліся жыхары дому ў сталічным мікрараёне «Лебядзіны», падманутыя забудоўнікамі.

За кватэры з расколінамі ў сценах яны заплацілі прыкладна па $ 1000 за метр. І кажуць пра «будаўніча-адміністрацыйную мафію» у сталічнай адміністрацыі.

Дом №20 па вуліцы Камайскай у Менску мусіў прынесці радасць сваім жыхарам. Але выйшла наадварот. Няякаснае выкананне будаўнічых працаў, парушэнні ў праекце, проста крадзеж будаўнічых матэрыялаў – і ў выніку дадатковыя клопаты для людзей, якія і так сацыяльна неабароненыя.

Камайская – гэта ў мікрараёне «Лебядзіны» побач з рынкам Ждановічы. Усяго ў доме 256 кватэраў, большая частка пабудаваная з дзяржаўнай падтрымкай для шматдзетных сем’яў, людзей з інваліднасцю ды іншых ільготнікаў. Будынак здалі больш за 2,5 гады таму, але ў сценах кватэраў працягваюць з’яўляцца вось такія расколіны.

«Рамонт рабілі двойчы. Расколіны з’яўляюцца ўсё роўна. Хаця гэта 9 паверх. Цяпер гэта пасля рамонту, у чарговы раз зрабілі замазванне расколінаў», – распавядае саўладальнік кватэры Аляксандр Пытко.

Дом амаль у аварыйным стане, бо стаў на падземным балоце з парушэннямі тэхналогіяў фундаменту, кажуць жыхары. З парушэннямі пабудавалі і вентыляцыю – яна задзьмухвае паветра ў кватэры, з гары ў дол. Усе пахі застаюцца ўнутры.

«Тут узімку пры маразах за 20 градусаў было плюс 3. Тут яны зрабілі калодзеж – і ў мяне апошні паверх – тут праз 2 метры ўжо неба», – працягвае Аляксандр Пытко.

Гэта даўгабуд, Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёну зацягнула здачу дому на некалькі гадоў. Пакуль будавалі, кошты матэрыялаў раслі, а якасць падала.

«Напрыклад, у сцяжцы нам замянілі керамзіт на пенаплэкс, а потым аказалася, што замест пенаплэксу паклалі пенапласт. Вы чуеце, якое рэха ў кватэры і якая чуйнасць з суседнімі кватэрамі», – распавядае іншы саўладальнік кватэры Аляксандр Мацукевіч.

Вышыня столі на 4-7 сантыметраў ніжэй нормаў. Замест палепшанай тынкоўкі – звычайная. Замест пластыкавых шклопакетаў на балконе – алюмініевыя рамы, а разам з імі і холад. 60 кватэраў не атрымалі перагародак між кухняй і залай. Хаця за ўсё было заплачана.

Што яшчэ ў доме не так, апісвае ягоны жыхар Аляксандр Валчок, які сам працуе ў будаўніцтве:

Тут мусіла быць перагародка з ПВХ-пакетаў. Яе таксама скралі. Таксама недарабілі. Сказалі, што са мной узгаднілі, і зробяць пераразлік. Такая перагародка цяпер каштуе $ 1850 – 2500 долараў. Дзе яна?»

Але самы нахабны крадзеж – жылой прасторы.

«Няма ніводнай кватэры, дзе б праектаваная плошча супала з рэальнай. У мяне не хапае 2,3 квадратных метры. У іншых лічбы розныя. Усяго не хапае 200 квадратных метраў», – заўважае Аляксандр Мацукевіч.

Плюс 200 квадратных метраў склепаў пад балконамі, якія палічылі, як жылыя. І за кожны трэба плаціць камуналку штомесяц. Праблемны будынак прымала вялікая камісія – Дзяржнагляд, Тэхнагляд, МНС, Выканкам, Санстанцыя. Цяпер шлюць адпіскі на ўсе скаргі жыхароў. Гэтаксама, як і пракуратура.

Увесь дом – прыклад карумпаванасці будаўнічай галіны, кажуць уладальнікі кватэраў. І заклікаюць праваахоўныя органы зладзіць комплексную праверку.

«Калі закрануць фінансавыя махінацыі, то таксама шмат у нашым доме было зроблена. Бюджэтныя грошы клалі на разліковыя рахункі пад адсоткі. Усё гэта было ў заяве ў пракуратуру, ва УБЭЗ. Нам наўпрост сказалі: пакуль няма каманды, ніхто гэтым займацца не будзе», – дадае Аляксандр Валчок.

Паводле падлікаў жыхароў, забудоўнікі і адміністрацыя скралі не менш за $ 8 млн толькі з аднога будынку на вуліцы Камайскай. У барацьбе за скрадзеныя метры яны амаль дайшлі да Вярхоўнага суда. Кажуць, калі б у следчых органах былі амбітныя працаўнікі, і калі б не было «крышавання будаўнічай мафіі», атрымаўся б гучны працэс.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары