Жыхары Мазыра падтрымалі мужчыну, які парэзаў міліцыянтаў


Дагэтуль жыхары мазырскага прыватнага сектару не могуць аправіцца ад шоку. Уначы на панядзелак на адну з дзялянак на гэтай заўсёды спакойнай вуліцы ўварваліся трое невядомых. Толькі праз 2 дні Гомельскі УУС паведаміў, што гэта быў не напад, а запланаваны захоп небяспечнага рэцыдывіста Андрэя Рабешка.

«На адной з вуліц трое міліцыянтаў падабраліся да падазраванага на максімальна блізкую адлегласць для таго, каб захапіць яго знянацку і выключыць любую магчымасць збегчы», – адрапартаваў УУС гомельскага аблвыканкаму.

Нішто не ўказвала на тое, што нападнікі – гэта праваахоўнікі.

«Ніхто не называўся, ніякіх дакументаў не паказваў. Было ўжо толькі пасля ўсяго, калі прыйшла дзяжурная частка, калі прыйшоў ужо сусед і запытаўся, хто гэта? Сусед папрасіў прадʼявіць дакументы, тады паказалі дакумент», – узгадвае Алена Страха, жонка затрыманага.

Спачатку міліцэйская прэс-служба паведамляла, што захоп адбываўся на вуліцы, пасля прызналася, што на ганку прыватнага дому. Абуджаны а 4-й уначы настойлівым груканнем, Андрэй выйшаў з дому, дзе паміж ім і невядомымі завязалася бойка.

«Калі працаўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы, не прадстаўляюцца і залезлі ў дом – яны ўжо не працаўнікі міліцыі, яны бандыты», – тлумачыць прававы бок справы праваабаронца Леанід Судаленка.

Рэакцыя Андрэя, які вырашыў бараніць сям’ю, ужываючы нож супраць неапазнаных людзей, зразумелая і іншым жыхарам Мазыра.

Мы запыталі ў тутэйшых, што б яны рабілі на месцы мужчыны

«Біўся б, абараняўся б».

Адбіваўся б, я майстар спорту па шматборʼі».

«У мяне заўсёды напагатоў ёсць сякера ці нешта яшчэ. Я ўжо гэтую справу ведаю, раз было такое».

«Нож бы я не ўжыў, гэта крымінальная справа. Толькі рукамі».

«З тапаром бы ці з нажом бы забівала і ўсё».

«Сіла, іншага нічога не бачу».

– шчыруюць мясцовыя жыхары

Непрафесійнасць АМАПаўцаў.

«Калі б у іх былі шчыты, бронекамізэлькі, то раненняў не было б тады ў жыццяважныя органы, Праблемы зняліся б тады. Значыць, атрымліваецца, што падыход не такі якасны, не былі падрыхтаваныя байцы да затрымання гэтага грамадзяніна, не адпрацавалі яны правільныя шляхі, падыходу, затрымання», – мяркуе Алег Волчак, былы следчы пракуратуры.

Пазней пралілася кроў гаспадара дому – Андрэя.

«Калі прыехала дзяжурная частка ці хто яны там, я не ведаю, калі ён там ляжаў, іх было чалавек 5 ці колькі. Мяне пачалі выганяць: «Сыходзь! Сыходзь адсюль!» Я пачала сварыцца. Яны мяне прагналі ў дом, але я засталася ля каліткі. Ён ляжаў на зямлі ўвесь у крыві. Яго стаялі яшчэ 5 чалавек збівалі, нагамі піхалі. І ён увесь час задаваў пытанне: «Скажыце, за што? Не разумею за што?», – дзеліцца ўспамінам Алена Страха.

Міліцыянты дагэтуль не сказалі, у чым падазраюць Андрэя.

«Працаўнікі міліцыі хлусяць нават па адміністратыўных справах ілжэсведчаць і ўсё гэта праходзіць. Тым больш па крымінальнай справе, калі чалавек пры зброі, яго будуць судзіць – нічога не зможа даказаць», – нагадвае спадар Судаленка.

А пакуль няма доказаў і словам міліцыянтаў, што Рабешка ўвогуле быў у вышуку і што толькі гэтак брутальна яго можна было затрымаць.

Вольга Старасціна, «Белсат»