Жыхары Магілёва шакаваныя новымі жыроўкамі


З трэцяга сакавіка ў Магілёўскай вобласці пачалі збіраць з людзей новую аплату за паслугі ЖКГ. Жыроўкі за сакавік выклікалі ў людзей шок.

Інтэрнат нумар 24 у Магілёве. Адвальваецца кафля, сантэхніка цячэ, а прыладамі для гатавання ежы небяспечна карыстацца. І за такія ўмовы жыхарам цяпер трэба яшчэ і плаціць паводле расцэнак арэнднага жытла. Кошты ў «жыроўках» за мінулы месяц дасягнулі прыблізна двухсот рублёў.

«У мяне заробак упаў з Новага года, можаце зняць – 189 рублёў, аплата за камунальныя за сакавік – 190, няхай я 180, і 10 рублёў ад мужа. Ну ён 300, ну там крама, падаходны падатак, ён 300 атрымлівае – далей што? Двое дзяцей», – распавядае жыхарка інтэрнату.

Такія лічбы ў жыроўках – вынік указу кіраўніка краіны. Цяпер дадаткова да камунальных паслугаў у інтэрнатах ва ўсёй краіне будзе далічвацца графа «за карыстанне жылым памяшканнем». Узровень новай аплаты залежыць ад памеру жылой плошчы і ад катэгорыі інтэрнату.

«Святло гарыць – я плачу, вада бяжыць – я плачу, а вось гэта вось, за карыстанне памяшканнем. Гэта як? Я хаджу – я плачу, атрымліваецца так. І ўжо хадзіць – плаці. Хутка будзем па паветры лётаць, падаецца», – кажа шамтдзетны бацька Яўген Хвалінскі.

Апроч гэтага жыхарам інтэрнату налічваюць паводле гіганцкіх тарыфаў камунальныя паслугі: на кожнага чалавека тут лічаць 4 кубаметры гарачай і 4 кубаметры халоднай вады, і да гэтага яшчэ 100 кілават святла. Мы спрабавалі скантактавацца з ЖРЭА, да якога належыць інтэрнат, каб атрымаць каментар, але адказных асобаў знайсці не ўдалося.

«Гэта з чаго бярэцца? Я лічу, што гэта вада мае ўключыцца і не выключацца цэлы месяц. Гэта вельмі дорага, з чаго гэта бяруць? Падпусціце нас да лічыльнікаў, дзе ў вас лічыльнікі? Падпусціце і пакажыце, з чаго вы бераце гэтую ваду», – адзначае жыхарка інтэрнату.

Амаль усе жыхары інтэрнату – працаўнікі «Электрарухавіка», якому належаў раней гэты будынак. Цяпер на прадпрыемствы працы няма, заробкі ўпалі. Як жыць у такіх умовах, людзі не разумеюць.

«Шлях адзін для людзей: аб’ядноўвацца і біцца з гэтым. Патрабаваць канкрэтных вылічэнняў, спраўджваць гэта ўсё, дабівацца, я другога не бачу»

Са словаў жыхароў, яны будуць рабіць усё магчымае, каб улады перагледзелі налічэнне аплаты. Некаторыя кажуць нават, што не будуць аплачваць жыровак. Прычына простая – няма чым плаціць.

Міхась Слаўнікаў, «Белсат»