Апазіцыянеры зладзілі ў Лоеве пікет супраць міліцэйскага тэрору


Выбарчая кампанія не заўсёды толькі агітацыя. У Мястэчку Лоеў на Гомельшчыне прайшоў незвычайны пікет. Яго арганізатары выступілі з крытыкаю на адрас мясцовых праваахоўнікаў. Падставаю сталі скаргі жыхароў на міліцэйскі тэрор у паселішчы.

Акцыя кандыдата ў дэпутаты Аляксея Атрошчанкі ў мястэчку Лоеў на Гомельшчыне пераўтварыўся ў акцыю пратэсту.

«Людзі напужаныя, людзі баяцца»

Незалежны журналіст Кастусь Жукоўскі чарговы раз агучыў факт жорсткага збіцця міліцыяй сёлета ў чэрвені. Тады ён разам з калегам прыбыў у Лоеў, каб зняць сюжэт, прысвечаны беднасці ў рэгіёне. Журналістаў затрымала міліцыя. З іхных словаў, усё адбылося з выкарыстаннем жорсткай фізічнай сілы з боку міліцыянтаў.

Пазней сталі даступныя матэрыялы, якія, імаверна, зарэгістравала камера назірання ў пастарунку. А дзякуючы незалежным медыям зрабіліся вядомыя новыя выпадкі міліцэйскага гвалту ў Лоеве.

«Мы прыехалі ў Лоеў і што мы бачым. Людзі абыходзяць нас бокам, паціху падыходзяць з боку ды пытаюцца, што адбываецца. Людзі напужаныя, людзі баяцца. Яны кажуць, што атрымоўваюць Br 150, сядзяць дома, баяцца выйсці і рабіць нешта далей», – распавяла Наталля Самсонава, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты.

Ахвяраю міліцэйскай сваволі лічыць сябе і Людміла Панамарчук. Сёлета ў ліпені тэлеканал «Белсат» асвятляў яе гісторыю. Са словаў жыхаркі Лоева, міліцыянты білі яе ў твар і жывот. Нічога не дало правяранне ў следчым камітэце. Выбарчы пікет у Лоеве стаў нагодаю для дапамогі такім людзям.

«Я прыехаў сюды, карыстаючыся выбарчай кампаніяй, каб распавесці людзям як працуе іх міліцыя, а таксама распавесці, што рабіць людзям, калі з імі неадпаведна абыходзяцца», – тлумачыць Аляксей Атрошчанка.

Пікет праходзіў пад пільным вокам міліцыянтаў. Са словаў яго арганізатараў, была відавочная спроба сарваць акцыю. Невядомая жанчына спрабавала перашкодзіць пікетоўцам. Актыўнасць міліцыі прадстаўнікі апазіцыі звязваюць са статыстыкаю, паводле якой Лоеўскі раён лічыцца адным з самых бедных у краіне. Таму назіраецца тэндэнцыя замоўчвання праблемаў у рэгіёне. Як цвердзяць кандыдаты ў дэпутаты ад апазіцыі, рэгіён можа стаць і лідарам у фальсіфікацыях на сёлетніх выбарах.

«Яны не прапусцілі ў выбарчыя камісіі ніводнага сябра ад апазіцыі. Я мяркую, што яны ўсяляк будуць перашкаджаць назіральнікам падчас выбараў, каб ніхто не даведаўся, што выбараў у нам у краіне няма», – мяркуе Аляксей Атрошчанка.

Выбарчая кампанія працягваецца

«Калі людзі бачаць, што нешта робіцца, яны бачаць, што гэта трэба рабіць. Тады ёсць нейкі ўздым. Я бачу ў гэтым сэнс», – дзеліцца Андрусь Цянюта, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты.

Людзі з розным настроем чакаюць вераснёўскіх выбараў. А яны адбудуцца ў свой час. Але сачыць за выбарнікамі ў Лоеве будуць усё тыя ж праўладныя асобы ды міліцэйскія патрулі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»