Жыхары інтэрнату: «Заходзіш з дзіцём у душ – там ляжыць здохлы пацук!»


Некалькі сямейных інтэрнатаў у Горадні паволі ператвараюцца ў баракі, а чыноўнікі плануюць… павысіць статус жытла да арэнднага! Жыхарам давядзецца плаціць больш, але за што? Адпаведных умоваў, як і капітальнага рамонту, няма.

Яшчэ сем гадоў таму, у 2011-м, Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога інтэрнатам можа надавацца статус арэнднага жытла. А разам з гэтым будуць і больш камфортныя ўмовы пражывання (уласныя кухня і санвузел), і больш высокія кошты. Закон закрануў і жыхароў інтэрнатаў на вуліцы Камарова і Горкага ў Горадні. Праўда, будынкі, паўсталыя яшчэ напрыканцы 60-х гадоў, зусім не адпавядаюць выклікам сучаснасці. Ды больш за тое – патэнцыйна небяспечныя.

«Пацукі бегаюць. Атручвалі… Заходзіш з дзіцём у душ – там ляжыць здохлы пацук! То бок, жахлівы стан. Калідоры і прыбіральні не прыбіраюцца, хоць у нас ёсць і калідорная, і ў прыбіральні прыбіральшчыца», – скардзяцца на ўмовы жыхаркі інтэрнату.

Да таго ж, праз адсутнасць лічыльнікаў, за электраэнергію даводзіцца плаціць больш. Але і гэта – не ўсе праблемы: цвіль, гніль, працякаюць столі, старая і няспраўная сантэхніка. З усім гэтым, на меркаванне ўладаў, жыхары маюць змагацца самастойна. Тыя і змагаюцца.

«Мы хацелі на дах залезці, каб зрабіць хоць штосьці каля свайго пакою. Але нас не пускаюць туды – усё пад замком. У мяне дзіця захварэла ад чорнай цвілі бранхітам!», – кажа жыхарка інтэрнату Надзея.

Змяняць трэба ўмовы, а не статус

За гэткія ўмовы гаспадарам 19-ці квадратных метраў жыллёвай плошчы даводзіцца плаціць у сярэднім каля ста рублёў на месяц. Яны ўпэўненыя, што пасля перадачы інтэрнату ў фонд арэнднага жытла сума ў жыроўках яшчэ і вырасце – як мінімум у паўтара разы. Таму жыхары інтэрнатаў і ініцыявалі сустрэчу з мясцовымі ўладамі: каб абмеркаваць усе балючыя пытанні і давесці – змяняць трэба ўмовы, а не статус. Людзей прыйшло столькі, што сустрэчу ладзілі на вуліцы.

«Казалі пра тое, што мы будзем плаціць за пакоі як за арэнднае жытло. Добра, але чаму тады УЖРЭП ці дзяржава не аплочвае нам рамонту пакояў? То бок, атрымліваецца, мы аплочваем усё самі, робім рамонты, а разам з тым, нам давядзецца аплочваць арэнду за гэта? То тады паўстае пытанне – а навошта нам УЖРЭП?!», – здзіўляецца Ганна, якая таксама жыве ў суседнім інтэрнаце.

Як высветлілася, прадстаўніца УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні, кіраўнік участку ў тэхабслугоўванні Святлана Жылінская, якую мясцовыя жыхары падазраюць у хабарніцтве, не хоча не толькі вырашаць такія праблемы, але і размаўляць з журналістамі.

«Начальства ўцякала праз чорны ўваход, каб іх не знялі. Яны забаяліся», – кажуць мясцовыя жыхары.

Чыноўнікі ж кажуць: калі некаму не падабаюцца такія ўмовы, то заўжды можна вельмі хутка выселіцца.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»