Аб'ектыў 09.08.2017 Жыхары Гомля не вытрымалі ўшчыльнення і выйшлі пратэставаць


Стыхійны мітынг на вуліцы Цімафеенкі ў Гомлі пачаўся пасля таго, як мясцовыя жыхары даведаліся, што ўмовы ў іхным раёне могуць хутка і значна пагоршыцца. Як стала вядома, адміністрацыя Чыгуначнага раёну пачала абмеркаванні аб ушчыльненні мікрараёну, які гамельчукі называюць Стары Аэрадром.

На гэтым месцы можа зʼявіцца шматпавярховік

Мясцовыя жыхары абураныя. Маўляў, і так сюды слаба даходзіць сонечнае святло.

«Я жыву на другім паверсе. Тут паставяць шматпавярховік. У мяне святло толькі з раніцы і да 11-й гадзіны. Цяпер яго не будзе зусім», – абураецца Наталля Дзям’янцава.

Да таго ж, калі пачнецца будоўля, можа назаўсёды знікнуць зялёная зона, а на месцы дзіцячых пляцовак зʼявяцца паркінгі. Асобная праблема – перанаселенасць, якая можа прыйсці з новымі жыхарамі. Чэргі ў паліклініцы, недахоп месцаў у школах і дзіцячых садках – гарантаваныя.

Аргументы чыноўнікаў тыя ж, што і ўсюды

Адказныя за будоўлю наракаюць на недахоп жытла ў горадзе. Да таго ж мясцовыя ўлады абяцаюць паляпшэнне ўмоваў у выглядзе новых абʼектаў, неабходных для штодзённага функцыянавання жыхароў раёну. Але людзі гэтаму не вераць.

Барацьбу за Стары Аэрадром яго жыхары вядуць ужо два гады. У 2015-ым годзе людзі сабралі больш за 700 подпісаў супраць ушчыльнення. Тады мясцовыя ўлады далі адмашку спыніць праект. Цяпер, паводле мясцовых жыхароў, пакрысе і непразрыста пачынаюць новыя спробы.

Жыхары пачалі новы збор подпісаў

«Два гады таму яны хацелі пабудаваць на ўсіх трох пляцоўках нашага раёну па адным доме. Яны адчакалі два гады, пакуль юрыдычна зварот грамадзянаў перастане дзеяць. Яны прынялі рашэнне падзяліць гэты раён на некалькі частак», – патлумачыў сябра ініцыятыўнай групы Арцём Шапараў.

Чаму Стары Аэрадром на столькі сурʼёзна зацікавіў забудоўнікаў? Вядома, раней ён месціўся на ўскрайку гораду. Цяпер гэта практычна цэнтр Гомля.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары