Аб'ектыў 15.08.2017 Жыхары Бараўлянаў пратэстуюць супраць карупцыі


У лесе непадалёк ад Менску з’явілася намётавае мястэчка пратэсту. Пакуль сімвалічнае, як папярэджанне чыноўнікам. Жыхары агламерацыі Бараўляны, у якую таксама ўваходзяць пасёлкі Лескаўка, Лясны і Вопытны, пратэстуюць супраць выразання лесу і пабудовы шырокай шашы побач з дамамі. Яны падазраюць мясцовыя ўлады ў карупцыйных сувязях з прыватнымі будаўнічымі кампаніямі.

Людзі аб’ядналіся супраць свавольства чыноўнікаў

Мясцовыя жыхары набылі зямлю і пабудавалі дамы побач з лесам. Лес быў на Генеральным плане. А цяпер, паводле чыноўнікаў, тут будзе не лес, а дарога, далей – школа. А ўсё дзеля таго, як кажуць мясцовыя жыхары, каб выгодна было камерцыйным забудоўнікам, якім адыдзе гэтае поле.

Паводле мясцовых жыхароў, тут можа быць прымітыўная карупцыйная схема, грашовая сувязь між чыноўнікамі і забудоўнікамі, якія паставяць на полі шматпавярховікі. А да шматпавярховікаў трэба камунальныя сеці. Таму спачатку ў лесе пабудуюць школу, павыразаўшы дрэвы.

Потым да камунікацыяў, пабудаваных за бюджэтны кошт, падключаць камерцыйнае жытло. А мусіць быць наадварот. Таксама на сёлетнім Генеральным плане з’явілася чатырохпалосная дарога праз пасёлак Вопытны. Месцамі яе плануюць пракласці праз двары і дамы прыватных уласнікаў, людзей, што законна тут пабудаваліся.

Бараўляны, Лескаўка, Лясны і Вопытны – паселішчы, нетыповыя для Беларусі

Тут шмат медычных установаў – дзіцячы і дарослы анкалагічны цэнтр, туберкулёзны дыспансер, клінічная абласная больніца. Тут жыве шмат медыкаў, шмат людзей з вышэйшай адукацыяй. Каб спыніць знішчэнне лесу, мясцовыя жыхары і перапісваюцца з органамі ўлады, і актыўна дзеюць у інтэрнэце.

«Намёты пад кантролем, на іх наведзеныя прыватныя IP-камеры, мы бачым, што тут адбываецца. Намёты як сімвал, знак уладзе: рабяты, давайце дамаўляцца», – зазначыў жыхар пасёлку Юрый Філіпаў.

Улады дамаўляцца не хочуць і ўсяляк пазбягаюць відэакамераў

«Калі вы пакажаце мяне па сваіх каналах, дзе-кольвек, я на вас падам позву», – выступіў з пагрозамі ўсім прысутным Іван Ліпніцкі, старшыня Менскага абласнога Савету дэпутатаў.

Спадар Ліпніцкі – былы намеснік міністра аховы здароўя – лічыць праблему надуманай.

«На пытанне, чаму праектуецца садок і школа ў лесе, а не на полі побач, ён сказаў: я вам адказаць не магу», – падзяліўся ўдзельнік ініцыятыўнай групы Вадзім Трафілоўскі.

Пад дрэвамі, прызначанымі на спілоўванне, ужо працуюць геадэзісты, робяць праект каналізацыі для школы. Але містыка: старшыня бараўлянскага сельсавету не ведае, што гэта за людзі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары