Жыхары адрэзанай ад свету вёскі: За што мы плоцім падаткі?


Не могуць дачакацца дапамогі мясцовых уладаў і на Случчыне, у вёсцы Маглышы. Жыхары якой папросту аказаліся адрэзаныя ад свету. Адзіная дарога ў паселішча ператварылася ў бруднае месіва. Прабрацца ў вёску спрабавала Вольга Чайчыц.

Не змаглі праехаць, каб зрабіць сюжэт

Аўтамабіль здымачнай групы «Белсату» заграз, таму да вёскі Маглышы выправіліся пешшу.

Вёска месціцца за кіламетр ад Слуцку, таму жыццё жыхароў завязанае на горадзе. Ад асфальтавай дарогі – жвіроўка, усяго 600 метраў, але цяпер яны непераадольныя.

«Я плачу падатак на дарогі, падатак на бензін. Падаткі паўсюль. То бок плацім грошы за нешта. Першапачаткова яно ўводзілася, як за дарогі. Але як можна плаціць падатак на дарогі, калі я нават не магу выехаць у горад, выехаць з вёскі. Мне трэба дзіця завезці ў школу, мне трэба на працу, а выехаць я не магу», – абураецца жыхар вёскі Маглышы Дзмітрый Браткоўскі.

Без аўталаўкі, хуткай дапамогі ды катафалку

Жыхары скардзяцца, што па такой дарозе перастала прыязджаць аўталаўка, цяпер яны не маюць магчымасці набыць харчоў. У вёску не могуць праехаць і экстраныя службы.

«Вось 24-га мне кепска было. Мне 78 гадоў, ціск 190 на 110. Патэлефанавала на хуткую: «Што мне рабіць?». Хуткая адказвае: «Выязджайце на дарогу – мы пад’едзем. А мы да вас не даедзем», – дзеліцца Марыя Нікалаеня.

Яшчэ большае напружанне ўзнікла, калі ў вёсцы памерла адна з жыхарак. Усе, хто прыязджаў на пахаванне, пакідалі свае аўты пры трасе ды ішлі ў вёску пешшу.

«Сталі хаваць у нядзелю, заказалі катафалку, гэта гаворыць: «Мы не праедзем», яны прыехалі глядзець, як капаць яму, кажуць «мы не праедзем», – распавядае спадарыня Нікалаеня.

Жыхары неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі

Нягледзячы на звароты праблема не развязваецца. У панядзелак, пасля чарговай скаргі, прыехаў грэйдар і выраўняў гразь, але ўжо сёння легкавому аўту тут праехаць амаль не магчыма.

Вяскоўцы падалі ў Слуцкі райвыканкам чарговую заяву з патрабаваннем забяспечыць ім магчымасць без праблемаў дабірацца да сваіх хатаў. Пад зваротам падпісаліся ўсе жыхары. Але не ўсе вераць, што чыноўнікі іх пачуюць.

Вольга Чайчыц, «Белсат»