Аб'ектыў 22.10.2017 Жыхароў віцебскага мікрараёну абурыла сабачая пляцоўка побач з жылым домам


Сабака, як усе мы ведаем – сябар чалавека. Тым часам спрэчак паміж тымі, хто мае гэткага сябра і хто не мае, таксама не бракуе. Месцы для выгулу, наморднікі, брэх, прыбіранне за гадаванцамі – спіс падставаў для сварак можна доўжыць і доўжыць. На чыім жа баку праўда ў сабачых пытаннях?

Жыхары віцебскага мікрараёну Поўдзень-1 сцвярджаюць, што церпяць нязручнасці з-за пляцоўкі для выгулу сабак. Маўляў, пляцоўка збудаваная ў абыход закону, размешчаная яна вельмі блізка да школы і вокнаў жылой забудовы, што не адпавядае санітарным нормам. Сярод Віцебскіх сабакароў пляцоўка карыстаецца попытам, там выгульваюць сабак з усяго раёну. Нярэдка, з-за хатніх гадаванцаў між суседзямі ўзнікаюць канфлікты.

«Жонка сказала, чаго ты вядзеш без намордніка, а яна ў адказ: «ты сама сабе наморднік надзень», – кажа жыхар Віцебску.

Іншая жыхарка скардзіцца:

«А 5-ай гадзіне, і а 6-ай раніцы сабакі брэшуць, немагчыма спаць. Прачынаешся заўсёды. Кожны дзень прачынаюся пад брэх сабак».

Сабакі брэшуць, таму што іх дражняць, апраўдваюць гаспадары сваіх гадаванцаў. І ў сваю чаргу абвінавачваюць навакольных у залішняй агрэсіі.

«Кожны лічыць сваім абавязкам пнуць сабакара. Кожны абавязкова скажа: «Нарабілі смецця!» Ходзіш са стосам мяхоў, паўсюль за сабой прыбіраеш, у тым ліку і тут. А ўсё адно будуць абражаць», – заўважае гаспадыня сабакі.

Яшчэ адна жыхарка мікрараёну агучвае свае прэтэнзіі:

«Смурод вечарам, вокны наагул нельга адчыніць. Гэта ўзімку, а летам, паглядзіце, што робіцца. Людзі ідуць, людзі просяць. Дзеці, вунь дзіцячы садок. З ясляў дзяцей вядуць вечарам. Паглядзіце, як дзеці шугаюцца».

Жыхары дому ля сабачай пляцоўкі баяцца за дзяцей, наракаюць на шум, але найбольшае раздражненне ў людзей выклікае тое, што ніхто не ўзгадніў з імі размяшчэнне сабачай пляцоўкі. Закон на нашым баку, упэўненыя віцябляне, што выступаюць за перанос далей ад дамоў месца для выгулу сабак.

«Паводле законаў, канечне, незаконная пабудова дадзенай пляцоўкі ў нашым двары. Без подпісаў жыхароў, без згоды жыхароў, гэта раз, па-другое блізкая адлегласць да дамоў. Мусіць быць не менш за сорак метраў», – кажа стараста дому Ірына Захарава.

З 2015 году пляцоўка для выгулу сабак правакуе незадаволеныя лісты ў дзяржаўныя органы. Ці здолее гарадская адміністрацыя вырашыць спрэчку вакол пляцоўкі з улікам двух бакоў канфлікту, невядома. Але жыхары мяркуюць, што для выгулу сабак можна знайсці іншае, больш аддаленае ад жылой забудовы месца.

Андрусь Такінданг, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары