Аб'ектыў 04.08.2017 Журналістка, якую судзяць у Гомлі: Я працую з пятлёю на шыі


Пакуль пятля на шыі гомельскае журналісткі Ларысы Шчыраковай – пятля на свабодзе слова ўсёй беларускае журналістыкі. Дабіцца праўды немагчыма, але і маўчаць таксама.

«Я ўвесь час працую з гэтаю пятлёю на шыі. Гэта не гестапаўская пятля, але гэта пятля судовага пераследу», – зазначыла Ларыса.

У сённяшнім працэсе абвешчаны перапынак да 9-га жніўня

Сведкі не зʼявіліся ў суд Гомельскага раёну. Падстава пераследу – артыкул аб незаконным вырабе прадукцыі медыяў без акрэдытацыі для нашага тэлеканалу.

Што ў сюжэце, за які пераследуюць Ларысу Шчыракову?

У ім мы распавядалі, як гомельскія ўлады дазволілі будаваць жытло ў прыватным сектары на вуліцы Беларускай, Пясочным і Чкалаўскім праездах, а цяпер, прыкрыўшыся генпланам, збіраюцца пусціць дамы пад знос. Сюжэт выклікаў рэзананс у інтэрнэце.

«Калі мы не будзем падтрымліваць незалежных журналістаў, калі мы будзем праходзіць міма гэтага, то заўтра мы не даведаемся ні пра якую праўду», – заклікаў праявіць салідарнасць актывіст Уладзімір Няпомняшчых.

АНТ няўдала хайпіць

Сюжэт пра знос дамоў у Гомлі праз пяць дзён пасля нас паказаў і дзяржаўны тэлеканал АНТ. Ён сабраў усяго тысячу праглядаў. І ў ім даводзіцца, што знос толькі палепшыць цэнтр Гомля, а людзі атрымаюць справядлівую кампенсацыю.

Працаўнікоў дзяржаўных медыяў не судзяць. А вось суды ў дачыненні незалежных медыяў, паводле Беларускае асацыяцыі журналістаў, толькі сёлета адбываліся 25 разоў. І ўсё паказвае, што гэта не канец. Сёння таксама склалі чарговы пратакол на яшчэ аднаго гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага. Фармулёўка тая ж: праца без акрэдытацыі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары