Жорсткі адказ уладаў Берасця на Марш недармаедаў


За зачыненымі дзвярыма працягваюць судзіць берасцейскіх анархістаў, якія ўчора фактычна ўзначалілі марш недармаедаў у горадзе. Ва ўмовах нібыта лібералізацыі і пацяплення стасункаў з Захадам, падрыхтоўка (у выглядзе прэвентыўных затрыманняў) і рэакцыя ўладаў на мітынг у Берасці аказалася асабліва жорсткай. Але пратэстную эстафету неўзабаве перахопліваюць іншыя гарады.

Суд Ленінскага раёну Берасця пачаў тыдзень са звядзення рахункаў з тымі, хто ўзяў на сябе смеласць выйсці на пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ў Беларусі.

Андрэя Шарэнду затрымалі яшчэ ў пятніцу

Выходныя актывіст правёў у ізалятары мясцовага РАУСу. Сёння ж удзельніка пратэстаў 26-га лютага пакаралі штрафам памерам Br 575 рублёў.

«Трое содняў я правёў у прапаленай камеры, дзе перыядычна знікала то вада, то каналізацыя; Умовы там ніякія. Я лічу нейкім здзекам над чалавечай натураю», – сведчыць спадар Шарэнда.

Выйшла на волю ўдзельніца пратэстаў – Наталля Папкова

3-га сакавіка яе прымусова, быццам паводле заявы суседзяў, змясцілі ў псіхіятрычную лякарню. Сёння ж, без тлумачэння, без даведак і экспертызаў – выпусцілі.

«Я так разумею, мяне затрымалі толькі каб не дазволіць выйсці пятага сакавіка на пратэст у Берасці супраць дэкрэту аб дармаедстве», – упэўненая актывістка.

Пакаранне атрымалі пяць актывістаў анархісцкага руху

За ўдзел ва ўчорашніх пратэстах судзілі Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава, Аляксандра Казлянку, Паўла Завадскага і Дзмітрыя Леўчука. Анархістаў затрымалі супрацоўнікі ў цывільным, калі маладзёны вярталіся дадому.

Застаецца невядомым лёс Аляксандра Кабанава з Бярозы

Грамадскі актывіст запомніўся сваймі прамовамі на папярэдняй акцыі ў Берасці, 26-га лютага.

Напярэдадні Аляксандра затрымалі міліцыянты, пра што ён паспеў паведаміць у сацыяльных сетках.

Ціск у Гомлі

За пратэст недармаедаў у Гомлі, які прайшоў 19-га лютага, больш за дзясятак яго ўдзельнікаў поштаю атрымалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні.

Пінскія ўлады таксама адзначыліся

Рыхтуюцца да запланаванага на найбліжэйшую суботу Маршу абураных беларусаў і ўлады ў Пінску. Грамадскага актывіста Дзмітрыя Сергіевіча выклікалі ў мясцовую пракуратуру і выдалі дакумент аб недапушчэнні ўдзелу ў акцыях.

Што далей?

Акрамя Пінску, эстафету пратэстаў пераймае на гэтым тыдні Маладзечна. Там абураныя беларусы збяруцца на цэнтральнай плошчы ў пятніцу, а 18-й гадзіне. Найбольш багатаю ж на Маршы супраць эканамічнай палітыкі ўладаў будзе нядзеля 12-га сакавіка. У гэты дзень людзі выйдуць на вуліцы Бабруйску, Воршы ды Рагачова. А 12-й, 13-й ды 16-й гадзіне, адпаведна. І лідары апазіцыі, нягледзячы на паляванне на актывістаў, спадзяюцца, што беларусы не адступяць.

«Маршы недармаедаў» гэта выклік для ўладаў. Гэта штосьці не чаканае і не прагназаванае. Таму не так хутка прымаюцца рашэнні. На пачатку думалі яны што яно само сабою рассасецца. Не атрымалася. Цяпер жа выбраная правераная тактыка – кропкавыя рэпрэсіі ў адносінах да тых людзей, якія могуць штосьці арганізоўваць», – зазначыў Анатоль Лябедзька, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Арганізатары чарговых пратэстаў заклікаюць грамадзянаў браць з сабою нацыянальную сімволіку і плакаты са словамі пратэсту. І вядома, запрашаць родных, суседзяў ды сяброў.

Юрый Салодкі, «Белсат»