Аб'ектыў 12.01.2018 ЖКГ не датычыць. Рамонт пад’ездаў – клопат жыхароў


Зафарбаваць непрыстойныя надпісы – альбо давядзецца плаціць. Гэткі ўльтыматум з’явіўся на дзвярах аднаго з дамоў на вуліцы Барыкіна ў Гомлі.

Абʼяву размясціла Рамонтна-эксплуатацыйнае ўпраўленне. Жыхары дому маюць час да 24-га студзеня. У адваротным выпадку камунальнікі пафарбуюць сцены самыя, а суму выдаткаў занясуць у камунальныя плацяжы.

Па тлумачэнні мы звярнуліся да аўтараў абʼявы

Са словаў кіраўніцы РЭУ-15, патрабаванне мае законныя падставы.

«Вы плаціце за капітальны рамонт, вы плаціце за тэхабслугоўванне, плаціце за прыбіранне, але за рамонт падʼезду вы не плаціце. Рамонт падʼезду цяпер робіцца за ўласны кошт жыхароў. Гэта пастанова, закон рэспублікі Беларусь 2014-га года», – распавяла Ірына Дашкевіч.

Пастанова № 12 Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі сапраўды размежавала пералік працаў, якія выконваюцца коштам уласнікаў і коштам ЖЭС. Згодна з дакументам, за стан падʼездаў – у тым ліку за выгляд сценаў – адказваюць жыхары.

Што рабіць у такіх выпадках?

Звярнуцца ў міліцыю раіць старшыня таварыства ўласнікаў Эдуард Латушка. Бо надпісы – гэта вандалізм, а такімі справамі займаюцца праваахоўнікі.

«У мяне раз цэлы падʼезд дзеці размалявалі. І міліцыя вельмі хутка выявіла гэта ўсё. І тады бацькі гэтых дзяцей – яны былі з іншых дамоў – прыйшлі і вельмі хутка зрабілі касметычны рамонт усяго падʼезда», – узгадвае Эдуард Латушка з аб’яднання «Супольнае домаўладанне».

Жыхарам дому патрэбны не касметычны, а капітальны рамонт

А за гэта ўжо адказваюць не ўласнікі, а камунальнікі.

«Насамрэч хацелася б, каб дом прывялі ў парадак нарэшце, бо больна глядзець. Я тут нарадзіўся, вырас і ў прынцыпе ўсё жыццё тут было штосьці незразумелае. Бардак адным словам», – падсумаваў сітуацыю малады хлопец з дому.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары