Дзмітрый Удод нарадзіўся ў вёсцы Навінкі пад Калінкавічамі Гомельскай вобласці, быў адным з шасці дзяцей у сям’і. Як кажуць суседзі, Дзмітрый вельмі хацеў у войска, але яго прызвалі не з першага разу – былі праблемы са здароўем. З войска ён вярнуўся ў труне, не адслужыўшы поўны год. Сямʼя дагэтуль у шоку. Ім спачувае ўся вёска.
«Калі забіралі, то ён быў самы шчаслівы на свеце. Хадзіў усім распавядаў, куды пойдзе, кім там будзе», – узгадвае Вадзім Мікалаенка, стрыечны брат Змітра.
Пасля вучэбнай часткі ў сумнавядомых Печах Дзмітрый трапіў у 120-ю механізаваную брыгаду ва Уруччы пад Менскам. Быў старшым кіроўцам-механікам на БМП-2. У гэтую сераду 20-гадовы жаўнер загінуў на палігоне падчас агнявых практыкаванняў. Як заяўляе Міністэрства абароны, Дзмітрый Удод атрымаў раненне, несумяшчальнае з жыццём, ад танкавага кулямёта Калашнікава, які ўсталёўваюць на БМП.
Абставіны трагедыі высвятляе Следчы камітэт, у адмысловую камісію ўваходзіць намеснік міністра абароны. Камандуючы войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання асабіста выказаў сямʼі жаўнера спачуванні і паабяцаў усебаковую падтрымку.
«Усе прычыны будуць дасканала вывучаныя. Вінаватыя ў гэтым здарэнні будуць прыцягнутыя да адказнасці адпаведна заканадаўству Рэспублікі Беларусь», – зазначыў Аляксандр Вальфовіч, камандуючы войскамі паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.
Выпадковымі ахвярамі халатнасці становяцца і ў народнай гаспадарцы, кажа палкоўнік у адстаўцы Леанід Спаткай. А ў войсках чалавечы фактар памнажаецца на ваенную тэхніку і боепрыпасы.
«Усё гэта здараецца з-за парушэнняў захадаў бяспекі. Элементарнае чалавечае раздзяўбайства, расхлябанасць, адсутнасць кантролю, прыводзяць, як правіла, да трагічных выпадкаў… Хутчэй за ўсё не быў разраджаны кулямёт, або не пастаўлены на ахоўнік», – мяркуе былы вайсковец.
Але на сённяшнія паводзіны камандавання магла паўплываць справа Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным у кастрычніку ў вайсковай частцы ў Печах. Справу хацелі замяць, але ў выніку журналісцкіх расследаванняў і грамадскага рэзанансу пачалося паўторнае расследаванне, ва Ўзброеных сілах прайшла маштабная праверка. Шукалі дзедаўшчыну і знайшлі. У 16 вайсковых частках завялі 48 крымінальных справаў.
«Гэта, напэўна, вынік той сітуацыі, што была ў Печах, суіцыд. То бок не закрытасць ад грамадства, а наадварот, аператыўная і дасканальная інфармацыя давіць у сваёй аснове чуткі», – мяркуе спадар Спаткай.
Бо пакуль усіх абставінаў смерці Дзмітрыя не ведае і яго сямʼя.
«А хто цяпер праўду скажа нам? Прасцей спісаць, каб пагоны не паляцелі», – дадае Вадзім Мікалаенка.
Калі будзе пацверджана, што адбылося парушэнне тэхнікі бяспекі на палігоне, у выніку службовага расследавання да адказнасці могуць прыцягнуць не толькі непасрэдна вінаватых вайскоўцаў, але і іх камандзіраў.
Яраслаў Сцешык, «Белсат».