Жанчына, якую падтрымлівае Святлана Алексіевіч, аб'явіла галадоўку


Галавакружэнне, сапсаваны зрок, праблемы з каардынацыяй, высокі ціск і арытмія. Аднак лекары даюць працоўную групу інваліднасці Наталля Васіленка і сцвярджаюць, што жанчына можа, але не хоча працаваць. Каб дамагчыся справядлівасці, жанчына аб’явіла галадоўку.

Наталля Васіленка з Гомля працягвае галадоўку, распачатую напярэдадні разам з сяброўкай, Аленай Клімовіч. Наталля перанесла інсульт і хварэе на эпілепсію, але мае трэцюю (працоўную) групу інваліднасці. На працу ж уладкавацца не можа праз медычныя абмежаванні па хваробах. Галадоўніца патрабуе, каб медычна-рэабілітацыйная экспертная камісія – МРЭК – замяніла групу інваліднасці на другую.

«Там прынамсі ёсць ільготы на лекі і камуналку, там хоць неяк можна існаваць. Трэцяя група ўвогуле без ільготаў, і на працу не ўладкавацца, бо шмат абмежаванняў», – кажа Наталля Васіленка.

Яшчэ адно патрабаванне Наталлі – каб Генеральная пракуратура разгледзела яе скаргу на абразу з боку медыкаў. На камісіі ёй сказалі, што яна не хоча працаваць.

Цяпер жанчына атрымлівае Br 94, з якіх пасля аплаты рахункаў за камунальныя паслугі застаецца каля 20. Атрымліваецца выжыць толькі дзякуючы дапамозе Святланы Алексіевіч, якая дапамагла сплацbць пазыку за камуналку і рэгулярна пералічвае грошы на рахунак Наталлі.

«Я ж не буду пажыццёва сядзець на шыі ў Святланы Алексіевіч? Можа, ужо дзяржава пачне выконваць свае наўпроставыя абавязкі ў дачыненні грамадзянаў?», – кажа спадарыня Наталля.

Юрысты адзначаюць, што дамагацца праўды ў сітуацыі, калі МРЭК адмаўляецца змяніць групу, можна і трэба праз суд.

«Звярнуцца ў абласное ўпраўленне, пасля пайсці ў суд са скаргай на гэтую адмову, і патрабаваць, каб прызначылі больш падрабязную экспертную камісію», – дае параду праваабаронца Леанід Судаленка.

Канстытуцыя гарантуе роўныя правы ўсім грамадзянам, і менавіта гэтае права на роўнасць парушаецца ў падобных сітуацыях.

«Група інваліднасці – гэта адмысловы статус, які надае дзяржава для сацыяльнай абароны. Калі чалавек не можа пераадолець сваёй жыццёвай сітуацыі, грамадства праз дзяржаву надзяляе такіх людзей адмысловым статусам інваліднасці, каб аказаць ім дапамогу ў пераадоленні цяжкасцяў», – заяўляе праваабаронца Сяргей Драздоўскі.

Наталля Васіленка галадоўку працягвае. Другая галадоўніца, Алена Клімовіч, якая з артрытам і кардыястымулятарам працавала прыбіральніцай, сёння акцыю спыніла, бо ёй ужо прапанавалі іншую працу, з лепшымі ўмовамі і заробкам.

«Групу ёй сказалі не памяняюць, бо не бачаць падставаў, але прапанавалі працу вахцёрам за 400 рублёў», – кажа Наталля Васіленка.

Дзяржава пакідае сваіх грамадзянаў не толькі сам-насам з іхнымі цяжкасцямі, а ў неабазнанасці. Людзі не ведаюць сваіх правоў. І галоўнае – не вераць у тое, што можна дамагчыся справядлівасці.

Ірына Дарафейчук