Здзек з палітвязня. Хлопца могуць забіць у турме


Чарговае рашэнне не на карысць палітвязня. Магілёўскі абласны суд адхіліў скаргу Міхаіла Жамчужнага на рашэнне Горацкага раённага суда. Той раней прызнаў правамерным пакаранне праваабаронцы змяшчэннем у штрафны ізалятар.

Падставаю для адміністрацыі калоніі № 9 у Горках стала адмова Жамчужнага перайсці ў атрад са зняволенымі з нефармальна нізкім статусам. Гэтак ва ўстанове спрабуюць ціснуць на вязня.

Гэта можа прывесці да трагедыі

«Ці яго там скалечаць ці заб’юць, ці ён каго-небудзь забʼе, абараняючыся. У абароне ад зняволеных ён можа ўжыць сілу. Чалавек ён рашучы, таму ўсё можа быць. У дадзеным выпадку адміністрацыя калоніі абавязаная прыняць захады па забеспячэнні яго бяспекі», – бʼе ў званы праваабаронца Барыс Бухель.

У лістах, вытрымкі з якіх прыводзіць цэнтр «Вясна», Жамчужны паведамляе, што правёў у ШІЗА 100 содняў. Патрабаваць ад уладаў Беларусі спыніць жорсткае абыходжанне з палітвязнем. З такою просьбаю пятнаццатага студзеня шэраг арганізацыяў і асобаў звярнуліся да заходніх дыпламатаў.

Што за «ШІЗА»?

«Штрафны ізалятар – гэта напаўпадвальнае памяшканне, дзе асуджаны 24 гадзіны на содні без пасцельнай бялізны, на дошках знаходзіцца ў маленькім пакоі, без прагулак, без святла, без адпаведнай вентыляцыі. Ён не мае магчымасці ні пісаць, ні атрымліваць лісты, ні карыстацца літаратурай. Гэта стоадсоткавая ізаляцыя», – тлумачыць праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Колькі палітвязняў у Беларусі?

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і «Беларускі Хельсінкскі камітэт» прызнаюць Міхаіла Жамчужнага адным з двух палітвязняў у Беларусі. Што праўда, на форуме «Свабода палітвязням», які напярэдадні прайшоў у Менску, прагучаў спіс у чатыры разы большы. У спісе Зміцер Паліенка, Алесь Юркойць, Ілля Валавік, Філіп Іваноў, Зміцер Ціхановіч, Тарас Аватараў, Вадзім бойка, а таксама да яго дадалі яшчэ адную асобу – Святаслава Барановіча. Удзельніца спаткання Ганна Шапуцька лічыць крытэры згаданых вышэй праваабарончых арганізацыяў недасканалымі

«Яны крытэры Савету Еўропы скарацілі. Яны абмежавалі адзін пункт, зрабілі яго вельмі зручным для сябе. Яны вылучылі пункт – калі ёсць нейкія гвалтоўныя дзеянні, то людзі вызнавацца палітычнымі вязнямі імі не могуць. Я лічу, гэта вялікая памылка», – даводзіць Ганна.

«Вясна» карыстаецца міжнародным досведам?

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру тлумачыць, што гэта не крытэры вясноўцаў ці БХК, а агульнапрынятыя ў краінах постсавецкай прасторы.

«Яны распрацаваныя пры ўдзеле Польскага Хельсінкскага фонду і Дому правоў чалавека ў Літве і базуюцца шмат у чым на крытэрах «Amnesty», – пераконвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Апроч Міхаіла Жамчужнага, «Вясна» называе палітвязнем Змітра Паліенку, прызнанага міжнароднаю праваабарончаю арганізацыяй «Amnesty International» вязнем сумлення.

Лола Бурыева, «Белсат»