Збор подпісаў супраць «дэкрэту аб дармаедах» працягваецца. Рэпартаж «Белсату»


Нядзеля для грамадскіх актывістаў – не выходны. Сябры апазіцыйных партыяў, недзяржаўных арганізацыяў і незалежных прафсаюзаў актыўна збіраюць подпісы за адмену дэкрэту аб дармаедстве. Рыхтуюцца таксама да сходаў і пратэставых акцыяў. Беларусы ахвотна падпісваюцца пад зваротам, але ці гатовыя выходзіць пратэставаць? Высвятляла Вольга Чайчыц.

У сталіцы і ў рэгіёнах, на вуліцах і ў сеціве – збор подпісаў за скасаванне гэтак званага дэкрэту аб дармаедстве ахапіў усю краіну. Агульная мэта мабілізавала шматлікіх прадстаўнікоў дэмакратычнага руху, якія і сёння – у выходны дзень – выйшлі, каб даць людзям магчымасць выказаць уласнае меркаванне.

Як заўважаюць актывісты, грамадзяне без страху пакідаюць подпісы.

«Калі шчыра сказаць, то шмат нават тых, хто падпісвае, не асабліва верыць у тое, што гэта неяк паўплывае. Але вы бачыце якая колькасць людзей, арганізацыяў, партый збірае подпісы супраць гэтага дэкрэту, і ў прынцыпе гэта можа стаць такім пераломным момантам», – кажа Вольга Кавалькова з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Некаторыя з падпісантаў выказваюць гатовасць выйсці на вулічныя акцыі пратэсту, калі ўлады не прыслухаюцца да іх. Першая адбудзецца ўжо 17-га лютага на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы. Двума днямі пазней пратэставаць выйдуць рэгіёны – «Маршы недармаедаў» запланаваныя ў Гомлі, Магілёве і Горадні.

«Я гатова выходзіць на акцыі», – кажа жанчына сталага веку.

Малады хлопец выступае супраць дэкрэту, але выходзіць на акцыі пратэсту лічыць «лішнім». Іншы кажа, што трэба пратэставаць супраць «антынароднага ўказу».

Яшчэ больш падагрэла эмоцыі «Вялікая размова» з кіраўніком краіны, што адбылася ў пятніцу. Сваім выказваннем Лукашэнка даў зразумець, што скасоўваць уласны дэкрэт – прынамсі сёлета – намеру не мае.

У «дармаеды» улады запісалі ажно 440 тыс. асобаў, сярод якіх – працоўныя мігранты, студэнты і нават людзі з інваліднасцю.

«Наконт таго, што мы яшчэ пару год з гэтым пажывем. Гэта яшчэ больш абурыла людзей. Бо такія рэчы, такія няправільныя рашэнні павінныя адмяняцца адразу ж. І зразумела, што сёння гэта не патрэбна нікому. Гэта не патрэбна ні дзяржаве, бо яна пераплачвае за збор гэтых грошаў, ужо відавочна, і гэта не патрэбна і людзям», – мяркуе Андрэй Дзмітрыеў.

Кампанія «Гавары праўду!», якую ён узначальвае 7 лютага правядзе адмысловы сход у гатэлі «Манастырскі» у сталіцы. На яго запрошаныя тыя, хто атрымаў лісты шчасця, але не лічаць сябе сацыяльнымі ўтрыманцамі. Арганізатары кажуць, што ім важна паказаць, што такіх – не адзінкі. Вось што кажа Андрэй Дзмітрыеў:

«Што гэта шмат вельмі пранізлівых гісторыяў не пра тое, як людзі не хочуць плаціць, а пра тое, што ім няма за што жыць».

А заплаціць мусяць – і тэрмінова. Апошні дзень выплаты падатку – 20 лютага. Пакуль жа збор сплацілі толькі 34 тыс. чалавек на амаль паўмільёна тых, каго дзяржава палічыла дармаедамі.

Чытайце таксама:

Вольга Чайчыц, belsat.eu