«Збівалі сяржантаў палкай, а яны не бачаць у гэтым нічога выключнага»


Другі судовы працэс, які звязаны з гібеллю шарагоўца Аляксандра Коржыча, мае паказальны характар, гавораць назіральнікі. На паседжанне Менскага абласнога суда сёння прыйшлі, а дакладней прывялі некалькі дзясяткаў курсантаў Вайсковай акадэміі, якія ў выхаваўчых мэтах назіралі за хадою працэсу.

Калі сяржантаў, якіх вінавацяць у давядзенні да самагубства Аляксандра Коржыча, вінавацяць сярод іншага ў вымаганні грошай і збіцці жаўнераў, то цяпер самыя сяржанты праходзяць пацярпелымі. Іхныя камандзіры рабілі ўсё тое ж, што яны самыя адносна прызыўнікоў. Ігар Ілляш, журналіст belsat.eu:

«Збівалі сяржантаў драўлянаю палкай па ягадзіцах, па спіне, але яны нават не бачаць у гэтым нічога выключнага. Кажуць, так было заведзена, і не ім гэта змяняць».

Гэта можна лічыць працягам справы Коржыча, і ёсць пытанні, чаму гэтыя справы не аб’ядналі, адзначае журналіст Ігар Ілляш. Адразу на пачатку працэсу абвінавачаны прапаршчык Артур Вірбал, у якога знайшлі банкаўскую картку загінулага Коржыча, заявіў, што прызнае віну цалкам. Пры гэтым за давядзенне да самагубства Вірбал не адказвае перад судом. Ігар Ілляш, журналіст belsat.eu:

«Калі лічыць, што Коржыча давялі да самагубства тыя дзеянні і парадкі, якія былі ў Печах, то чаму за гэтыя парадкі не нясе адказнасць прапаршчык Вірбал

Маці загінулага год таму прызыўніка, 21-гадовага Аляксандра Коржыча, цвердзіць, што ёсць вайсковыя часткі, дзе зусім інакш ставяцца да жаўнераў. Паводле ейных высноваў, рэч не ў сістэме, а стаўленні камандавання менавіта Печаў. Святлана Коржыч, маці загінулага Аляксандра Коржыча:

«У першую чаргу да адказнасці павінен быў быць прыцягнуты былы камандзір цэнтру ў Печах – Чарнецкі і ягоныя намеснікі, камандзір часткі і вось гэтыя таварышы, якія сядзяць на лаве падсудных».

Справа гібелі жаўнера Аляксандра Коржыча доўжыцца роўна год. Святлана Коржыч не згодная са следчымі, што ейнага сына давялі да самагубства. Жанчына мяркуе, што Аляксандра забілі пасля таго, як той адмовіўся плаціць грошы саслужыўцам.

Пасля гібелі Аляксандра Коржыча за перавышэнне статутных дачыненняў у войску ўжо былі вынесеныя прысуды 28-мі асобам, але рэальныя тэрміны атрымалі толькі двое вайсковаслужбоўцаў.

АН, belsat.eu

Фота: Ігар Ілляш