Аб'ектыў 15.05.2017 Збіты міліцыяй хлопец распавёў, як яму ламалі косці


Аляксандр Зехаў з мінулага тыдня перабывае ў Цэнтральным гарадскім шпіталі Берасця. Страсенне мазгоў і частковая страта памяці – гэта наступствы фізічнага гвалту. Як цвердзіць маладзён і ягоны сябар Сяргей Каляда, 7 траўня іх жорстка збілі міліцыянты. Аляксандр пакуль адмаўляецца размаўляць з журналістамі.

Інцыдэнт пачаўся каля кавярні «Казка» ў Берасці

Тут хлопцы сустрэліся, каб паразмаўляць і выпіць. Праз гадзіну – накіраваліся да таксоўкі, але былі затрыманыя міліцыянтамі Маскоўскага РАУСу. Са словаў сведак, сябры паводзіліся спакойна, не супраціўляліся. Іх адвезлі ў пастарунак, дзе, як кажуць пацярпелыя, пачалося жорсткае збіццё. Пра цяжкія фізічныя траўмы Сяргей Каляда паведаміў на нашым тэлеканале ў мінулы чацвер.

«Пералом рукі і два рабра зламалі. Цяпер мне даюць сродкі аб болю», – скардзіцца Сяргей.

У збіцці бралі ўдзел больш за дзясятак міліцыянтаў

Бацькі пацярпелых у якасці аднаго з імаверных фігурантаў інцыдэнту называюць Рамана Трафімука, участковага Маскоўскага РАУСу. Сёння журналісты «Белсату» звязаліся з гэтым працаўніком МУСу, аднак размаўляць ён катэгарычна адмовіўся. Не ў стане пракаментаваць справу і ў вышэйшых інстанцыях.

«Мы пакуль нічога не ведаем пра гэты інцыдэнт. Магчыма, калі гэта насамрэч адбылося, праводзіцца правяранне», – паведаміў УУС Берасцейскага аблвыканкаму.

Новыя падрабязнасці інцыдэнту

Сёння са шпіталю выйшаў адзін з пацярпелых – Сяргей Каляда. Ён распавёў журналістам, што адбылося пасля затрымання 7 траўня.

«Я пацікавіўся што адбываецца, за што нас затрымалі. І ўсё…і паехала. Мне сказалі, каб я закрыў рот. Мяне спачатку білі дубінкамі. Я ад балявога шоку на некалькі хвілінаў страціў прытомнасць. Калі прачнуўся, білі ўжо нагамі». Нас білі, а яны елі нашыя ракі», – узгадвае Сяргей.

Такія выпадкі – ужо амаль норма

Аднак далёка не ўсе ахвяры наважваюцца казаць пра міліцэйскі гвалт. Як і сябрам з Берасця, людзям нярэдка пагражаць расправаю.

«Я лічу, што гэта наступства таго, што адбору ў міліцыі як такога няма. Людзей бяруць, я не ведаю, хіба паводле фізічнага здароўя, не звяртаючы ўвагу на псіхічнае», – тлумачыць падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў.

«Міністр, падначаленыя якога твораць такое свавольства, у такіх маштабах (гэта датычыць не толькі пераследу апазіцыі, але і звычайных грамадзянаў), калі ён мае хоць кроплю сумлення, мусіць сысці ў адстаўку. А ён што робіць? Апранаецца ў форму НКВД, і мяркуе, што міліцыя робіць усё правільна», – дадае спадар Казлоў.

Ці ўдасца прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў?

Пацярпелы Сяргей Каляда збіраецца бліжэйшым часам пісаць скаргу. Падставаю будуць высновы дактароў аб шматлікіх цялесных пашкоджаннях. Аднак ранейшыя гісторыі сведчаць, што пакараць працаўнікоў закрытага ад грамадства ведамства будзе нялёгка.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: УУС Брэсцкага аблвыканкама

Глядзі таксама
Каментары