Затрыманыя за Дзень Волі: «Білі, здзекаваліся, абражалі»


Чакалі расправы, аднак працэсаў не адбылося. Тыя, хто сёння прыйшоў у Савецкі суд Менску, распавялі, праз што ім давялося прайсці падчас учорашніх затрыманняў на плошчы Якуба Коласа.

«Я крычала, што мне балюча. Крычала, што яны робяць гэта незаконна. Казала, што я адмаўляюся і не хачу, каб у мяне бралі адбіткі пальцаў. Мяне не слухалі, мне ўсміхаліся, здзекаваліся, абражалі», – сведчыць незалежная назіральніца Таццяна Мастыкіна.

«Я тры гадзіны ляжаў тварам на асфальце. І потым яшчэ паўгадзіны на спіне», – дадае актывіст Сяргей Спарыш.

Арышты былі масавымі

Усяго праваабаронцы налічылі больш за 60 затрыманых у Менску ды яшчэ каля паўсотні – у іншых гарадах Беларусі. Шмат каго выпусцілі без складання пратаколаў, аднак трымалі ў міліцыі гадзінамі, а то і цягам дня, як 73-гадовага мужа збітай з ног амапаўцамі Святланы Вяргейчык.

«Холад, а іх паставілі на вуліцы. Што за знявага такая?», – абураецца жанчына.

У рэгіёнах суды над тымі, каго прэвентыўна затрымалі

Гэтак, працэс над берасцейскім блогерам Сяргеем Пятрухіным адклалі, аднак у міліцыі ўсё адно выпісалі штраф за дробнае хуліганства. З вечара пятніцы мужчыну трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Не трапілі на ўчорашняе свята актывісты з рэгіёнаў, у тым ліку Станіслаў Паўлінковіч з Магілёва, Таісія Кабанчук і Галіна Смірнова з Бабруйску, Наталля Стрэльчанка з Дуброўна. Напярэдадні свята іх брутальна затрымалі ды змясцілі ў ізалятар да сённяшніх судоў.

«Накінуліся на мяне і прымянілі фізічную сілу. Закруцілі рукі, сціснулі іх, каб нібыта забраць мабільны тэлефон», – дзеліцца спадарыня Стрэльчанка.

Чаму ўлады не пакаралі ўдзельнікаў Дня Волі арыштамі?

Пратаколы адправілі на дапрацоўку. Зрабілі гэта для таго, каб дастаць іх з шафы і запусціць у абарот, калі гэта будзе патрэбна, кажа палітык Павел Севярынец.

Аднак учорашнія затрыманні ды сённяшнія суды – не адзіная перашкода на шляху да свята і шэсця з нагоды Дня Волі. Гэтак, у ноч на 25 сакавіка невядомыя парэзалі апоны ў аўтамабілях Міколы Статкевіча і ягонай жонкі.

Брутальныя падзеі падчас сотай гадавіны абвяшчэння БНР ужо асудзілі айчынныя праваабаронцы, якія запатрабавалі ад уладаў спыніць ціск на грамадзянскую супольнасць ды дазволіць назіральнікам і журналістам бесперашкодна ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць.

Віталь Бабін, «Белсат»