Аб'ектыў 09.08.2018 Затрыманні журналістаў працягваюцца


Улады Беларусі працягваюць пераслед незалежнай прэсы ў справе нібыта незаконнага доступу да інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА. Сёння раніцаю затрымалі галоўную рэдактарку інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну. Аднак таксама сёння вызвалілі рэдактарак TUT.by Галіну Уласік і Ганну Калтыгіну.

«Лукашэнка душыць свабоду слова» – піша адная з самых папулярных польскіх газетаў «Rzeczpospolita». Сюжэты, прысвечаныя хвалі затрыманняў беларускіх калегаў, пабачылі гледачы «Euronews», TVN ды іншых заходніх тэлеканалаў. Ім будзе пра што гаварыць і сёння, бо затрыманні ў справе падпіскі на інфармацыйнае агенцтва БелТА працягваюцца.

Праўда, цяжка знайсці кагосьці, хто сапраўды б верыў у афіцыйную версію. Вызвалення журналістаў і празрыстага расследавання патрабуюць кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Фэдэрыка Магерыні і амбасада ЗША ў Беларусі. Наўрад ці гэта сталася неспадзяванкаю для ўладаў.

«Яны разумелі, што ператрусы, затрыманні журналістаў – усё гэта будзе трактавацца на Захадзе адназначна, як атака на медыі, на свабоду слова. Так яно і адбываецца, але, відаць, беларускія ўлады ўзважылі і вырашылі, што ў іх ёсць больш важныя рэчы – трымаць пад каўпаком беларускую медыяпрастору», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Калі дакладней – незалежную частку медыяпрасторы. Дзяржаўныя СМІ, што асвятляюць справу, не толькі маюць доступ да запісаў праслухоўвання журналістаў, але і каментуюць сітуацыю так, нібыта віна журналістаў – у несанкцыянаваным доступе да агульнадаступнай інфармацыі дзяржаўнага агенцтва – даведзеная. Пра нейкую салідарнасць гаворка не вядзецца.

«Шмат хто бачыць сваю мэту ў іншым, бачыць у журналістах незалежных медыяў моцных канкурэнтаў, а хтосьці і зайздросціць ім. Адтуль і гэтыя рэакцыі. Але адна рэакцыя выклікае другую, і ў тым, што градус варожасці ў грамадстве павышаецца, нічога добрага няма», – адзначае старшыня Беларуская асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Незалежныя журналісты сёння падзяліліся. На тых, хто прыйшоў да следчага ізалятару на Акрэсціна з перадачамі для адных затрыманых, і тых, хто чакаў вызвалення іншых.

«Вырашылі знішчыць такую вярхушку такіх вядомых парталаў, як Тут.бай і БелаПАН, якія ўплывовыя ў гэтым. А тое, што датычыць БелТА, то сур’ёзныя журналісты не карыстаюцца гэтым рэсурсам, а ўсё, што можна адтуль узяць, ёсць у адкрытым доступе», – лічыць журналістка Ірына Слаўнікава.

Справа пачалася з таго, што неназваныя падпісанты агенцтва БелТА распавялі аб праблемах з аўтарызацыяй на сваіх профілях. Пасля чаго БелТА неадкладна звярнулася ў Следчы камітэт. Далей было праслухоўванне тэлефонаў журналістаў, вобшукі і, паводле заснавальніка Тут.бай Юрыя Зісера, капіяванне ўнутранай інфармацыі парталу. Падрыхтоўка да нармалізацыі парталу, які ахоплівае кожнага другога беларускага інтэрнэт-карыстальніка, пачалася не ўчора.

«Гэтая справа доўга рыхтавалася. Гады два збіралі матэрыял, было праслухоўванне і гэтак далей. І гэта азначае, што ў прынцыпе стратэгія ўладаў такая: збіраць кампрамат, рыхтавацца і ў нейкі патрэбны момант апусціць дручок на незалежныя моманты, каб надта не высоўваліся», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Вызваленыя журналісткі сёння даведаліся, што праходзяць у справе ў якасці падазраваных, і былі вымушаныя пагадзіцца на падпіску пра неразгалашэнне.

«Яны выграблі ўсё, што было ў доме, старыя мабільнікі, нават «соні эрыксан» не ведаю якога года, сім-карткі, флэшкі, вонкавыя назапашвальнікі і з усяго, што забралі, вярнулі ўсё, акрамя майго мабільніка і кампʼютара», – распавядае дэталі вобшуку рэдактарка TUT.by Галіна Уласік.

Такі вобшук сёння раніцаю прайшоў і ў галоўнай рэдактаркі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыны Леўшынай. Следчы камітэт толькі ўдзень пацвердзіў ейнае затрыманне.

Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч заявіла, што гаворка ідзе пра, цытата, элементарны крадзеж. Спадарства, пры якім крадзяжы праслухоўваюць тэлефоны, капіююць унутраную інфармацыю кампаніі, як гэта было ў выпадку парталу Тут.бай, і кідаюць людзей – яшчэ нават не падазраваных – за краты? Але трэба са спадарыняй Акуловіч пагадзіцца – хіба сапраўды крадуць. Крадуць рэшткі незалежнай беларускай журналістыкі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары