Заробкі ў Гомлі: «Ці ежы купіць ці за кватэру заплаціць»


Гомельскі завод металаканструкцыяў, што месціцца на паўднёвай ускраіне абласнога цэнтру, памірае. Няма замоваў, няма вытворчасці ды няма грошай.

«Плаціць за кватэру няма чым, бо ў нас 0.25 стаўкі і гэта атрымліваецца толькі 40 рублёў. А за кватэру плаціць мільён (старымі). Вось і думай, ці ежы купіць, ці за кватэру заплаціць», – абураецца кранаўшчыца Алена Гамаюнава.

У заводу вялікія запазычанасці

«Мы вінныя 30 мільярдаў, а нам вінны 20 мільярдаў, калі адняць – невялікія грошы, але забраць у нашых даўжнікоў мы таксама не можам, гэта наша такая палітыка дзяржавы: усе вінны адзін адному, а ў выніку – банкрут мы», – тлумачыць сутнасць праблемы фармоўшчык Аляксандр Ядчанка.

Пакуль ідзе працэдура банкруцтва заводу, тут адзін за адным змяняюцца дырэктары, прыязджаюць ацэншчыкі, а працаўнікі – каля 70 асобаў – жывуць усё горш і горш.

«Больш за 300 рублёў мы ніколі не атрымлівалі ні разу. Адзін раз атрымалі 300 рублёў, бо нашую брыгаду разарвалі на 2 і мы працавалі ноч і дзень, содні», – сведчыць кранаўшчыца Тамара.

Што будзе далей?

Справу заводу вырашыць у сярэдзіне жніўня эканамічны суд Гомельскай вобласці. Калі верыць антыкрызіснаму кіраўніку заводу, прадпрыемства не закрыюць.

На справе ж з пачатку лета людзі атрымліваюць ад Br 20-70, працоўны дзень 2 гадзіны без выхаду на працу. Хто не згодны – да пабачэння. Кошт звальнення – тры заробкі, дзесьці Br 120 на чалавека.

А куды звальняцца?

На гомельскай біржы працы аншлаг, а сапраўдных вакансіяў амаль няма.

Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, каб пазбегнуць такіх сітуацыяў, працаўнікі могуць аб’ядноўвацца ў незалежныя прафсаюзы. І ўжо талакою весці перамовы з наймальнікам аб даплатах ці далейшай перспектыве. Бо ў падвешаным стане гэта і не праца, і не жыццё.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»