Заробкі па 130 рублёў. Жыхарка Петрыкава: «З працай у нас фігова»


Рэдкі аўтамабіль праедзе, рэдкі мінак пройдзе. Магчыма, жыхары Петрыкава – на працы? Але і тут цішыня. Арганізацыі зачыняюцца адна за адною, а ў тых, што яшчэ існуюць, праца таксама не кіпіць. Не дапамагла і рэарганізацыя: злучэнне некалькіх арганізацыяў у адну. Гэтак Петрыкаўскую ПМК-110 далучылі да Жыткавіцкай ПМК-97 «Палессебуду», але ні працы, ні заробкаў не дадалося.

«Заробак 250 рублёў тут практычна ва ўсіх такі. Тэхнікі палова ездзіць, палова стаіць», – сведчыць працаўнік «Палессебуду» Дзмітрый Боўсун.

Працаўнікі баяцца, але праўду распавядаюць

Некалі перадавое будаўнічае прадпрыемства ПМК-110 цяпер перажывае крызіс. Замоваў няма, а тое, у што некалі, уклаўшы сродкі, пачалі будаваць, стаіць закінутае. Дзяліцца сваім болем працаўнікі прадпрыемства на камеру не хочуць, але і маўчаць таксама не могуць.

«Нам не даюць ніякіх абʼёмаў: у нас няма будаўніцтва жытла», – тлумачыць майстар базы «Палессебуду» Ларыса Саўчанка.

Будаўніцтва кааператыўнага жылля даўно спынілася, прыватных і дачных дамкоў таксама не замаўляюць, скардзяцца рабочыя. Няма замоваў – няма і працы.

«З працай у нас фігова ў Петрыкове»,

«Я, напрыклад, страціла працу, мне цяжка знайсці новую»,

«Па старому ў мяне заробак максімум мільён трыста быў. Гэта максімум, што было. У Маскву ездзяць на заработкі»,

– зазначаюць жыхары Петрыкава.

Раней у Расею на заробкі ездзілі пераважна мужчыны, цяпер пакідаць свой родны горад усё часцей мусяць і жанчыны.

«І паеду я ў Расею, таму што там сапраўды ты працуеш, ты ўкалваеш і табе гэта сапраўды аплочваюць, а тут – нічога не плацяць», – тлумачыць аператарка ЭВМ Марына Расоўская.

Афіцыйная статыстыка кажа іншае

Паводле Белстату, сярэдні заробак на Гомельшчыне – Br 656. У адным з яе найбяднейшых раёнаў – Петрыкаўскім – Br 468. Жыхары ж Петрыкава абураюцца, што іхныя зарплаты часта і да мінімуму не дацягваюць. Вось і даводзіцца сярэднестатыстычнаму жыхару Петрыкава марыць прынамсі пра сярэднестатыстычны заробак.

Вольга Старасціна, «Белсат»