Замест садка і школы вырашылі пабудаваць будынак для пракуратуры, міліцыі і ДАІ


У двары на вуліцы Данілы Сердзіча пакуль яшчэ можна пабачыць буйныя дрэвы: квітнеюць каштаны, лісты клёнаў набіраюць сілу. Але ўжо зусім хутка дзякуючы чыноўнікам з Менскага гарвыканкаму гэтага хараства ня стане. Двор абнеслі плотам: забудоўнікі пачалі зачыстку зялёнай зоны.

У густанаселеным Фрунзенскім раёне перапоўненыя школы ды садкі, не стае дзіцячых пляцовак. Але неўзабаве тут мае з’явіцца новы будынак для пракуратуры, міліцыі і ДАІ, разам з паркоўкамі. Абурэнню мясцовага насельніцтва няма межаў, бо зусім недалёка, на Кальварыйскай, ёсць міліцыя.

«Тут дзецям гуляць няма недзе. Адрамантуйце, зрабіце садок. Міліцыя ж на Кальварыі! Такі маёнтак у іх вялікі! Мала месца ім, яны сюды лезуць!», – кажа мясцовы жыхар.

«Як бы ні супрацьстаяў раён, сталі ўзводзіць дадзены будынак. У дзіцячых садках, мы вось тут ходзім, – па трыццаць чалавек у групе. Групы маленькія ў памерах, і дзеткам развярнуцца вельмі складана», – тлумачыць жыхарка Фрунзенскага раёну.

Суседзяў у пагонах тут бачыць не жадалі, а таму змаганне насельніцтва супраць ушчыльнення цягнулася некалькі гадоў. Збор подпісаў, звароты ў дзяржаўныя ўстановы… Дайшлі нават да Адміністрацыі прэзідэнта! Але высілкі аказаліся марныя: Менгарвыканкам зацвердзіў будаўніцтва.

«Паступова мікрараён, які быў спраектаваны для таго, каб тут жылі людзі ў такой вялікай колькасці (блізу 10 000 чалавек. – Заўв. рэд.), робіцца непрыдатным для жыцця. Тут будзе цяжка жыць людзям пажылым, людзям, у якіх хваробы, звязаныя з лёгкімі», – кажа грамадскі актывіст Ігар Іваноў.

Ці можна яшчэ ўратаваць дваровую тэрыторыю разам з дрэвамі, кустоўем ды газонамі? Змагар за правы гараджанаў Дзяніс Кобрусеў кажа, што калі ўжо паставілі будаўнічы плот, шанцаў амаль няма.

«Супраціўным бокам выступаюць дзяржаўныя органы, асабліва такія, як Міністэрства ўнутраных справаў ды пракуратура. Органы, якія мусяць сачыць за законнасцю, куды ідуць шматлікія скаргі на парушэнне заканадаўства, наўрад ці будуць рэагаваць супраць сваіх інтарэсаў», – мяркуе каардынатар «Гораду для гараджанаў» Дзяніс Кобрусеў.

Нягледзячы на тое, што Менск ведае пазітыўныя прыклады змагання з ушчыльненнем, жыхары вуліцы Данілы Сердзіча пакуль зазнаюць паразу. Яны яшчэ збіраюцца падаваць заяўкі на пікеты. А тым часам іхная дваровая тэрыторыя робіцца закрытай зонай.

Таццяна Уласенка, «Белсат»