Улады не хочуць святкаваць юбілей БНР?


Разам адзначыць 100 гадоў Незалежнасці. Дэмакратычная апазіцыя аб’ядналася для святкавання сотых угодкаў абвешчання БНР, ці далучацца да ўрачыстасцяў прадстаўнікі ўлады, невядома. Чарговая, ужо чацвёртая спроба аргкамітэту «Свята незалежнасці» трапіць на прыём у Менгарвыканкам скончылася безвынікова.

«Пакуль што, нашае ўяўленне, рашэнне не прынятае, пакуль дзяржаўныя органы адмоўчваюцца, але, тым не менш, нам трэба грукацца. Мы дагрукаліся да беларускага народу і мы мусім дагрукацца таксама і да гэтае ўлады», – упэўнены палітык Павал Севярынец.

Пытанне, ці дазволіць сёлета ўлада мірнае шэсце на 25-га сакавіка, застаецца адкрытае. Заяўка на правядзенне масавай акцыі пакуль яшчэ на разглядзе ў Менгарвыканкаме. А тым часам дзяржава рыхтуецца больш актыўна да іншага юбілею – сотых угодак заснавання… ВЛКСМ, ленінскага камуністычнага саюзу моладзі.

Аргкамітэт узначаліў міністр адукацыі, камуніст Ігар Карпенка

«Калі яны святкуюць і дзень чэкіста, і дзень камсамолу, і дзень савецкай арміі: і ўсе гэтыя савецкія святы, дык хто вы спачатку? Чэкісты і камсамольцы ці беларусы?», – кажа паэт і палітык Уладзімір Някляеў.

«Тыя хто святкуюць стагоддзе камсамолу, або стагоддзе кастрычніцкай рэвалюцыі маюць эпіцэнтрам, як кажуць, сваіх разважанняў зусім не незалежную Беларусь, а імперыю, нейкі камуністычны рух, гэта не мае дачынення да незалежнасці Беларусі», – дадае Севярынец.

Пакуль жа аб’яднанне розных палітычных сілаў вакол юбілею БНР, – гэта хіба асноўная пазітыўная навіна, звязаная са святкаваннем стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Апроч таго, ці дазволяць шэсце чыноўнікі, актуальнае застаецца пытанне, ці дазволяць яго ў такім самым фармаце, у якім прасілі заяўнікі?

Андрусь Такінданг, «Белсат», фота: Siarhei Balai / Zuma Press / Forum