Аб'ектыў 18.11.2017 Закон або традыцыя? Рэпартаж са Смілавічаў, дзе ўзніклі рэлігійныя непаразуменні


Тэрытарыяльны падзел, замацаваны традыцыяй, але не законам, стаўся прычынай канфлікту, які не сціхае вось ужо трэці месяц у Чэрвеньскім раёне Меншчыны.

Татары мястэчка Смілавічы, абураныя з’яўленнем на мусульманскай частцы тамтэйшых могілак праваслаўнага крыжа, ды яшчэ і ў часе святкавання аднаго з найважнейшых іх святаў – Курбан-Байраму, спілавалі хрысціянскі сімвал. Залагодзіць сітуацыю спрабуюць і мясцовыя ўлады.

У непаразуменні паміж хрысцінамі ды мусульманамі праз сутыкненне закону і традыцыі спрабуюць разабрацца чыноўнікі Смілавічаў, гарадскога пасёлку непадалёк Менску.

Сёння з нагоды спілаванага на мусульманскай частцы могілак крыжа на размову ў сельскі выканкам запрасілі мясцовых імама і старшыню мусульманскай грамады.

«Мусульмане жывуць у Беларусі, ужо 620-годдзе будзем адзначаць зараз. Ніякіх канфліктаў у нас не было ніколі», – кажа Сапар Канапацки, старшыня смілавіцкай мусульманскай грамады.

Тым не менш на пачатку верасня канфлікт, які трывае дагэтуль, адбыўся. На татарскай частцы Дукаршчанскіх могілак пахавалі хрысціянку – Марыю Канапацкую, жонку мусульманіна. Сямʼя нябожчыцы ўсталявала праваслаўны крыж, што не спадабалася мясцовым мусульманам. Неўзабаве яго спілавалі.

«Я абураная. Мне распавялі, што зразаюць крыжы, я вельмі абураная», – кажа жыхарка Смілавічаў.

Іншы жыхар заўважае:

«Нельга так. На адной зямлі жывем, адныя людзі. Могілкі павінныя быць для ўсіх аднолькавыя».

Яшчэ адна мясцовая жыхарка адзначае:

«Складана сказаць. Хіба, перш, чым хаваць чалавека, яны павінныя былі ўзгадніць. Таму што гэта пытанне рэлігіі».

Мясцовыя чыноўнікі хацелі б залагодзіць канфлікт. Мусульманская грамада таксама, але толькі на сваіх умовах – каб хрысціянскую сімволіку прыбралі, прызнаецца старшыня грамады, Сапар Канапацкі, які, меркавана, і спілаваў крыж.

«Звычайна ставіцца, калі на чыста хрысціянскіх, крыж. Але, калі не зразумела, то ёсць такая тумбачка – там толькі надпіс. Вось, менавіта, спілавалі атрыбутыку, сімволіку. Таму што надыходзіла свята, не было калі паразмаўляць са сваякамі», – тлумачыць Сапар Канапацкі.

Сваякі ж памерлай пераконваюць: законных падставаў патрабаваць прыбраць крыж няма. Бо могілкі – не мусульманскія, а грамадскія. Канфесійны ж падзел тэрыторыі ўвесь гэты час трымаўся на традыцыі.

«У Беларусі, на жаль, мясцовыя супольнасці – гэта рэч, з якой трэба працаваць, але ў нас няма моцнай грамадскай традыцыі, як гэтыя супольнасці мусяць працаваць. Як мусіць праходзіць у грамадстве абмеркаванне спрэчных тэмаў. І вось гэта той выпадак, які дэманструе, што замест абмеркавання, на жаль, у канфліктных сітуацыях часцяком беларусы будуць абіраць нейкае прамое дзеянне», – мяркуе культуролаг Вадзім Мажэйка.

У Смілавічах жыве даволі вялікая мусульманская супольнасць – прыкладна кожны дзясяты жыхар мястэчка не хрысціянін. Мясцовыя ж могілкі, якія да вайны былі выключна мусульманскія, налічваюць прынамсі чатыры стагоддзі.

Лола Бурыева, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа С.Мышкоўскі/ Pravoslavie.ru

Глядзі таксама
Каментары