Захар Прылепін – пісьменнік са зброяй, які не любіць Алексіевіч


Пісьменнік са зброяй, маёр літаратуры, самы друкаваны палітрук

Расейскія крамлёўскія і ліберальныя медыі сёння шукаюць эпітэты для Захара Прылепіна. Маскоўскі пісьменнік абвесціў, што з мінулага года займае пасаду намесніка камбата па ідэалогіі і кадрам. Батальён спецназу ДНР збіралі адмыслова пад Прылепіна. Цяпер баевікі трэнуюцца, каб адправіцца на лінію фронту.

«Непасрэдна кіраваннем падраздзяленнем я займаўся, страшна сказаць, 20 гадоў таму. І трэба некаторыя рэчы ў галаве рэанімаваць. І я гэтым цяпер імкліва займаюся», – прызнаецца Захар.

Нацыянал-бальшавік Прылепін пачаў забіваць на славу Расеі яшчэ ў 90-я гады

25 гадоў таму пісьменнік служыў у АМОНе ў Чачэніі ды Дагестане. У Данецку былы міліцыянт пісаў біяграфічныя кнігі пра баевікоў Матаролу, Гіві ды іншых, а часам і сам бегаў з аўтаматам. Цяпер пісьменнік-баявік пакінуў удома чацвярых дзяцей і рыхтуецца «на белым кані» заехаць у бліжэйшы адбіты ва Украіны горад, а потым рушыць на танках на Кіеў. Раней ён прызнаваўся толькі ў дапамозе кіраўніку самаабвешчанай «ДНР» у якасці ваеннага дарадцы.

«Я памочнік Захарчанкі, я займаюся гуманітарнай дзейнасцю, антыгуманітарнай дзейнасцю. Якой заўгодна», – шчыраваў Захар Прылепін.

«Маёр літаратуры» мае сваяцкія сувязі з уплывовым палітыкам Уладзіславам Сурковым. У Крамлі ведаюць пра ваенныя камандзіраванні пісьменніка».

«Калі грамадзяне Расеі, якія на покліч сэрца або з іншых прычынаў адпраўляюцца ў гэтыя непрызнаныя рэспублікі і застаюцца там з розных нагодаў, гэта факт, які мы канстатуем, але каментаваць я нічога не хацеў бы», – заявіў Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.

«Сталі даказваць, што рускі літаратар гэта такі Ісусік на тонкіх ножках»

Сваё зампаліцтва Прылепін апраўдвае духоўнаю традыцыяй расейскай літаратуры, называе «ватнікам-імперцам» Аляксандра Пушкіна. Сённяшніх інтэлігентаў – праціўнікаў вайны на Данбасе маёр «ДНР» лічыць ворагамі.

«Самазванцы рускай славеснасці сталі даказваць, што рускі літаратар гэта такі Ісусік на тонкіх ножках, каторы вечна кажа пра слязінку дзіцёнка і іншых рэчах. Прычым гэтыя людзі агрэсіўна і настойліва заўзеюць за той бок, за украінскі бок», – абураецца Захар.

Прылепін выступіў з рэзкім асуджэннем творчасці Святланы Алексіевіч

Калі беларуская аўтарка атрымала Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, ён называў Алексіевіч несапраўднаю пісьменніцай, а нобэлеўскаму камітэту пагражаў расейскімі субмарынамі ля шведскіх берагоў.

У нашай краіне свабодна прадаюцца кнігі Захара Прылепіна

У беларускіх крамах можна купіць кнігі аўтара і пра Наваросію, і пра Чачэнію. Кожны беларус можа прачытаць, як расейскія спецназаўцы расстрэльваюць палонных, катуюць мірных жыхароў – і ўсё гэта ў гонар «русского мира». Аднак выдаўцам і чытачам варта памятаць, што прылепінская кніжная серыя можа хутка і раптоўна абарвацца – у ДНР і ЛНР высокая цякучка кадраў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Viktor Guseynov / kp.ru