Захад адменіць санкцыі супраць беларускіх кампаніяў і шэрагу чыноўнікаў?


Як стала вядома «Белсату» з неафіцыйных крыніцаў, напярэдадні амбасадары краінаў Еўразвязу дамовіліся на ўмоўнае зняцце існых санкцыяў супраць шэрагу асобаў з Беларусі ды беларускіх кампаніяў. Дэталі пагаднення пакуль трымаюцца ў сакрэце.

А яшчэ на пачатку верасня міністр замежных справаў Бельгіі выступіў з заяваю, што Еўразвяз не будзе пераглядаць пытання санкцыяў да канца года.

Але такое рашэнне амбасадараў можа быць звязанае і з вызваленнем 22 жніўня беларускіх палітвязняў. Тады Еўразвяз вітаў саступку ўладаў Беларусі ды выказаў меркаванне, што гэта паспрыяе паляпшэнню адносінаў паміж Брус(э)лем і Менскам. Але ў беларускіх праваабаронцаў застаецца шэраг пытанняў.

Санкцыі за палітычны пераслед апазіцыянераў ды грамадскіх актывістаў увялі ў 2011 годзе, абмежаванні датычылі шэрагу прадстаўнікоў уладаў, у тым ліку і дзейнага кіраўніка краіны. Усяго на сённяшні дзень у спісе застаецца 201 грамадзянін Беларусі ды 18 беларускіх кампаніяў.

Але пасля прынятага ўчора рашэння амбасадараў Еўразвязу імавернасць таго, што сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызнаюць свабоднымі ды дэмакратычнымі, падаецца як ніколі рэальнаю.

Ян Брыскер, Белсат