«Захад-2017». Збіраць грыбы нельга, бо вайскоўцы заб’юць


У мэтах бяспекі просім устрымацца ад наведвання лясоў. Івацэвіцкі райвыканкам звярнуўся да мясцовых жыхароў у сувязі з вайсковымі вучэннямі, якія пройдуць на тэрыторыі раёну.

Глыбоччына

Тут таксама разгорнуцца манеўры «Захад-2017», шмат якіх мясцовых жыхароў выклікалі з запасу ў ваенкаматы. Але здымаць прысягу нашым журналістам катэгарычна забаранілі: маўляў, тут таямніца, а вы без акрэдытацыі.

«Захад-2017» не першыя супольныя з Расеяй вучэнні на тэрыторыі Беларусі. Чаму ж цяпер ім надаюць столькі ўвагі? Ды якая сапраўдная мэта гэтых манеўраў? На гэтыя пытанні падчас міжнароднай дыскусіі «Рэгіянальная бяспека і вучэнні «Захад-2017» спрабавалі адказаць незалежныя эксперты.

Форуму папярэднічаў скандал

Шасці літоўскім дэпутатам, якія мусілі ўзяць удзел у менскай дыскусіі, беларуская амбасада ў Вільні адмовіла ў візах. На думку былога міністра замежных справаў Аўдронюса Ажубаліса, улады Беларусі перастрахоўваюцца.

Аднак нягледзячы на адсутнасць беларускіх візаў, літоўскія адмыслоўцы ўсё ж здолелі выказаць сваю пазіцыю адносна вучэнняў праз відэамост. За тры дні да пачатку манеўраў меркаванне адносна »Захаду-2017« выказаў і ўрад Вялікай Брытаніі: паводле міністра абароны Майкла Фэлана, сапраўдная мэта вучэнняў – не рыхтаванне ўзброеных сілаў абедзвюх краінаў, а правакацыя НАТО ды праверка абароназдольнасці Альянсу.

«Я думаю, што ў такім плане сённяшнім няма пагрозы, што расейскія танкі хутка будуць мінаць нашую мяжу. Але я бачу пагрозу ў логіцы іншай: паказаць расейскаму грамадству, што вораг – на Захадзе і што трэба рыхтавацца да вайны з Захадам», – тлумачыць Міхал Каміньскі, з камітэту міжнародных справаў Сейму Польшчы.

Супраць вучэнняў »Захад-2017«, удзел у якіх, паводле афіцыйных звестак, возьмуць каля 13-ці тысяч вайскоўцаў, пратэставалі ў мінулую пятніцу ў Менску. Акцыя папярэджання сабрала каля 300-от удзельнікаў. А напярэдадні сваё «не» ваенным гульням Крамля беларусы выказалі каля беларускай амбасады ў Нью-Ёрку.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Valery Matytsin / TASS / Forum