Захад-2017 нясе пагрозу і Украіне, і Беларусі


Вераснёўскія вучэнні «Захад-2017» – наўпроставая пагроза тэрытарыяльнай бяспецы Украіны – заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ды абароны нашых паўднёвых суседзяў Аляксандр Турчынаў. Пры гэтым пасадовец падкрэслівае, што ня меншую небяспеку манеўры ствараюць і для Беларусі.

Каля трох тысяч расейскіх жаўнераў і амаль трыста адзінак тэхнікі – такія сілы расейскіх войскаў прымуць удзел у верасеньскіх вучэннях Захад-2017 на тэрыторыі нашай краіны. Сцэнар і канкрэтныя задачы манеўраў не раскрываюцца, але ўкраінскія вайскоўцы рыхтуюцца і папярэджваюць пра горшае.

«Крэмль працягвае рыхтавацца да паўнамаштабнае вайны, якая пагражае не толькі Украіне, але і краінам Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы. А таксама канчатковаю стратаю незалежнасці дзяржавамі, якія цяпер у арбіце крамлёўскіх інтарэсаў».

Паводле Аляксандра Турчынава, расейскія войскі пасля вучэнняў могуць і не пакінуць тэрыторыю нашай краіны. Кіеў таксама звяртае ўвагу на ўзмацненне групоўкі расейскіх войскаў на мяжы з Украінай – сілавікі паведамляюць пра да армейскія карпусы памерам нават да 50 тысяч чалавек. Пры якім сцэнары расейцы могуць застацца ў Беларусі?

«Праз магчымае правядзенне правакацыяў, гэтыя падраздзяленні, а мушу зазначыць, што тое будуць перадусім падраздзяленні новастворанай першай танкавай арміі – то бок ударныя падраздзяленні – цалкам магчыма, яны будуць дыслакавацца на тэрыторыі Беларусі».

Чуткі пра такі сцэнар гучаць усё часцей. Пры чым, калі беларускае міністэрства абароны ў асобе кіраўніка ведамства Андрэя Раўкова называла такія словы «нагнятаннем істэрыі», то Масква ніяк не каментуе магчымы працяглы візіт расейскіх жаўнераў у Беларусі. Можа ўласна таму ў сакавіку кіраўнік Беларусі кажучы пра манеўры неаднаразова падкрэсліваў.

«Ня толькі для нашых сяброў па АДКБ, па Еўразэс, СНД, але і для прадстаўнікоў паўночатлантычнага блоку НАТО. Мы нічога не хаваем і хаваць не павінныя. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашых вучэннях – запрашаем».

Бо, чым болей назіральнікаў, тым меншая верагоднасць нечаканых сцэнароў развіцця расейска-беларускіх вучэнняў.

Праўда, паводле палкоўніка запасу і экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча, у тым, што мы размаўляем пра такую небяспеку вінаваты сам дзейны кіраўнік краіны:

«Лукашэнка дагуляўся – ён думаў, што словы і пацалункі ўзамен на рэальныя кошты на газ і нафту – гэта будзе вечна і гэтая сітуацыя – існавання юрыдычна самастойнага і фактычна залежнага філіялу Расейскай дзяржавы ў выглядзе Беларусі – гэта будзе вечна. Але вечна нічога не бывае – за ўсё даводзіцца плаціць».

Беларуска-расейскія вучэнні хвалююць ня Украіну – дадатковых гарантыяў бяспекі ад паўночнаатлантычнага Альянсу пад час манеўраў просяць краіны Балтыі, а шэраг амерыканскіх кангрэсмэнаў у красавіку нават напісаў ліст занепакоення асабіста Лукашэнку. Той адмахнуўся:

«Для іх гэта нейкая небяспека, а для нас хіба бяспечна, што НАТО актывізавалася ля нашых межаў»?

Уласна ў тым і розніца, што НАТО актывізуецца за межамі Беларусі, а не ўнутры, як тое будзе з расейскімі войскамі