Забівалі за тое, што былі беларусамі. Рэпартаж з мітынгу ў Курапатах


Роўна 30 гадоў таму беларусы даведаліся праўду пра Курапаты, месца пад Менскам, дзе ў сталінскія часы НКВД расстраляў сотні тысячаў рэпрэсаваных. Праўда пра Курапаты стала штуршком да нацыянальнага Адраджэння Беларусі. А потым Курапаты сталі месцам пастаяннага супрацьстаяння нацыянальна свядомых людзей з прыхільнікамі забыць і зарабіць. У абарону праўды і памяці сёння ў Курапатах сабраліся дзве сотні чалавек.

30 гадоў таму ў часопісе «Літаратура і Мастацтва» Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў апублікавалі артыкул пра генацыд у Курапатах. Прамову да гістарычнай публікацыі напісаў Васіль Быкаў.

«Гэта быў генацыд! Кожны беларус павінен зразумець. Армяніну не трэба распавядаць, што быў генацыд, украінцу, калі адкрылі сёння праўду пра Галадамор, не трэба казаць, што гэта быў генацыд, сведамая палітыка. Беларусам, на жаль, яшчэ трэба нагадваць», – кажа Юрый Беленькі з КХП-БНФ.

Публікацыя мела эфект атамнай бомбы – праўда пра злачынствы НКВД шакавала беларусаў. Каля трыццаці тысяч ахвяраў – столькі падала ў расследаванні генеральная пракуратура БССР. Незалежныя даследнікі падлічваюць: у падменскім лесе могуць ляжаць парэшткі нават чвэрці мільёна чалавек.

«Расстрэльвалі. Ставілі ў яму партыю. Стралялі, прысыпалі крышку. Праслойкі ў некаторых магілах прасочаны. Прысыпалі крышку, другі штабель расстрэльвалі і засыпалі», – распавядае археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей.

Сённяшні мітынг, арганізаваны КХП – БНФ, быў таксама скіраваны супраць чарговай правакацыі – запланаванага адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» побач з урочышчам.

Удзельнікі мітынгу:

«Мы прыйшлі сюды з маёй жонкай ужо не першы раз, мы ўдзельнічалі ў абароне Курапатаў».

«Я не разумею тых людзей, якія адкрываюць такія ўстановы разам з такім месцам. І хто ім дае дазвол, таксама незразумела. Пра што яны думаюць».

«Калі вы робіце побач з магілкамі нейкія танцы-шманцы – гэта ўсё будзе пакарана».

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Курапаты не раз былі пад пагрозаю знішчэння і забыцця. У 2001-ым тут пашыралі кальцавую аўтадарогу, а летась пры ўваходзе да мемарыялу спрабавалі распачаць будаўніцтва забаўляльнага цэнтру. Але заўсёды знаходзіліся людзі, здольныя абараніць.

«Затаптаць Курапаты не атрымаецца. Гэта, вядома, выклік нам усім. Кожны з нас павінен спытаць сябе: а што я магу зрабіць зараз для Курапатаў?», – пытаецца Павел Севярынец з БХД.

Чарговы этап выратавання месца памяці яшчэ наперадзе. Абаронцы Курапатаў заклікаюць прыходзіць да ўваходу рэстарацыі «Паедзем, паядзім» штодня а дванаццатай гадзіне, пачынаючы з заўтрашняга дня, каб не дапусціць яе адкрыцця.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»