За супрацу з «Белсатам» журналістаў могуць пасадзіць


Ператрусы, канфіскацыя ноўтбукаў ды тэлефонаў і перспектыва крымінальнай справы. Гарадзенская міліцыя пачала ціск на журналістаў за супрацу з «Белсатам».

Такой канфіскацыі тэхнікі «Белсат» не бачыў з сакавіка мінулага году. Гарадзенскіх фрылансэраў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса міліцыянты затрымалі ўчора ўвечары. Больш за дзве гадзіны яны правялі ў пастарунку, а затым падчас ператрусу міліцыянты канфіскавалі кампутары, тэлефоны і жорсткія дыскі.

«Ператрус праводзіўся не толькі ў мяне, праводзіўся ён і ў маёй маці. У маёй прысутнасці, праўда, я не распісваўся. Для маці гэта быў шок, у яе здарыўся сэрцавы прыступ», – кажа Алесь Дзянісаў.

Як паведамілі журналісты, міліцыя пачала правяранне паводле факту «паклёпу і абразы асобы». Дзе ж прадстаўнікі дзяржавы ўгледзелі абразу?

У матэрыяле пра жахлівы стан гарадзенскага інтэрнату, які выйшаў на нашым тэлеканале яшчэ ў красавіку. Статус (а значыць, і кошт пражывання) у інтэрнаце мясцовыя чыноўнікі хацелі павысіць да арэнднага.

Начальніца ўчастку тэхнічнага абслугоўвання інтэрнатаў Святлана Жылінская, якая згадваецца ў матэрыяле, кантактаў з журналістамі пазбягае.

«Вы ведаеце, я аж хвалявацца пачала. І размаўляць па тэлефоне з вамі не хачу. Няма, няма нават жадання размаўляць», – кажа Святлана Жылінская.

Удар па «Белсаце» ўлады нанеслі не толькі на Гарадзеншчыне. На Гомельшчыне міліцыянты затрымалі блогера Андрэя Павука. На яго склалі пратакол аб «незаконным вырабе прадукцыі СМІ» за матэрыял, у якім ён быў не аўтарам, а галоўным героем. І сённяшняе затрыманне было не выпадковае, кажа блогер.

«Я анансаваў стрым з адной з вёсак раёну, дзе будзе нашае буйное чыноўніцтва. І вось яны, напэўна, так вырашылі »адгарадзіць« ад гэтага стрыму, каб мне не ўдалося туды трапіць», – кажа Андрэй Павук.

Затрыманнем адразу трох журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», абураная Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Мы лічым, што ніякага складу правапарушэння ці злачынства ў сюжэце нашых гарадзенскіх калегаў няма. Мы праглядзелі гэты сюжэт, і ясна, што там не ідзе гаворкі ані пра абразу, ані пра паклёп», – заявіў Барыс Гарэцкі.

Пацяпленне стасункаў з Захадам не палепшыла стаўлення ўладаў да незалежных медыяў. Сёлета «Белсат» зазнаў хвалю затрыманняў, якой журналісты не памятаюць з сумнавядомых часоў разгону Плошчы 2010 года.

«Неўзабаве ў Менск прыедзе спікер польскага Сенату і будзе сустракацца з Міхаілам Мясніковічам. І акурат перад гэтым аказваецца такі ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з польскай ініцыятывай. Гэта не ёсць праявай добразычлівасці», – заявіла дырэктар каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Тэлеканал намераны абараняць сваіх журналістаў усімі даступнымі спосабамі.

«Мы будзем максімальна пашыраць інфармацыю і спрабаваць абразуміць тую частку ўладаў Беларусі, якія імкнуцца пагоршыць беларуска-польскія стасункі. Другі метад абароны – гэта не паддавацца. Трэба сказаць ясна: мы не саступім і не дамо сябе запалохаць», – сказала дырэктар каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Ад пачатку года журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», штрафавалі ажно 69 разоў. Сума штрафаў перавысіла 55 тысячаў беларускіх рублёў.

Аляксандр Папко belsat.eu