Аб'ектыў 05.01.2018 За што суддзя выдаліў Лукашэнку з хакейнага матчу?


«Калядны турнір на прыз прэзідэнта Беларусі» вось ужо 14-ты раз ладзіцца ў Менску. Традыцыйна, на яго запрашаюцца аматарскія каманды з усяго свету. Летась у Беларусь прыехалі нават клубы з Балканаў і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, каб згуляць на «Чыжоўка-Арэне». У адным з матчаў паспеў адзначыцца галоўны ініцыятар спартовай імпрэзы Аляксандр Лукашэнка.

Арбітр правёў укіданне, а пра секунду спыніў гульню

Прычына – Аляксандр Лукашэнка ўсёй вагой наваліўся на свайго апанента і абрынуў таго на лёд. Пад смех трыбунаў суддзя прызначае дзвюххвіліннае выдаленне прэзідэнта Беларусі – першае ў гісторыі турніру на прыз гэтага самага прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка ўсміхаецца і едзе ў бокс штрафнікоў.

Інцыдэнт адбыўся падчас матчу супраць Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, сам Аляксандр Лукашэнка вылучыўся і хет-трыкам – закінуў тры шайбы. Аднак ці зрабіў гэтым уражанне на суайчыннікаў? Зрэшты, як апошнім часам і на ўвесь беларускі хакей.

Нязграбнае падзенне Аляксандра Лукашэнкі – як метафара

Метафара гульні моладзевай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі, які цяпер праходзіць у ЗША. Там падначаленыя Юрыя Файкова пацярпелі шэсць паразаў ад камандаў Швецыі, Чэхіі, Расеі, Швейцарыі і Даніі і ў выніку пакінулі элітны дывізіён.

«Прычына паразы – не ў галоўным трэнеры. У нас заўжды шукаюць галоўную прычыну. А галоўная прычына ў тым, што ў нас няправільная сістэма дзіцячага хакея. Мы прайгралі швейцарцам і датчанам, у якіх у хакеі даўно працуюць канадскія і амерыканскія трэнеры», – даводзіць Сяргей Южык, журналіст газеты «Прессбол».

Ніхто не кажа аб нулявых выніках нацыянальных камандаў

«Укладваецца шмат сродкаў, але эфектыўнасць вельмі малая. Мы трацім не на тое, што трэба. Мы проста асвойваем іх, але неэфектыўна», – тлумачыць спадар Южык.

На гэтым фоне застаецца адкрытым пытанне, ці зверне Аляксандр Лукашэнка ўвагу на сапраўдныя паказнікі развіцця хакею ў Беларусі, або працягне захапляцца асабістымі поспехамі на нятанным аматарскім турніры.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары