За перформанс – у турму. Чаму Вячаслаў Касінераў – палітвязень?


У навагоднюю ноч Вячаслаў Касінераў зладзіў феерверк пад сценамі ізалятару на Валадарскага. Цяпер ён сам – за гэтымі кратамі. Крымінальную справу на актывіста завялі за іншы перформанс – супраць бясчынстваў міліцыянтаў. У сярэдзіне сакавіка ён накінуў пятлю на шыю бронзаваму гараднічаму часоў Расейскай імперыі, усталяванаму нядаўна каля Міністэрства ўнутраных справаў. Праваабаронцы прызналі: пераслед паводле крымінальнага кодэксу за гэта – захада непрапарцыйная.

Тым не менш, суд Маскоўскага раёну сталіцы сёння адхіліў скаргу Касінерава датычна захады стрымання: актывіста пакінулі пад вартаю.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме: маўляў, справа рэзанансавая

«Мы бачым 100-адсоткава палітычны пераслед актывіста. Была справа, калі хтосьці ў нецвярозым стане зрабіў тое ж самае. Ён накінуў пятлю на шыю гэтаму ж гарадавому – і яму далі толькі содні пасядзець», – зазначыла сяброўка палітвязня Марына Насенка.

Вызваліць Вячаслава Касінерава запатрабавалі шэраг арганізацыяў

Сярод якіх, апроч цэнтру «Вясна», «Беларускі хельсінкскі камітэт», Беларуская асацыяцыя журналістаў ды ПЭН-цэнтр. Паводле іх, акцыю з гарадавым варта лічыць распаўсюджаннем ідэяў шляхам мастацкіх сродкаў.

«Бруна падняў лапку і памеціў яго»

Абсурдна завышаную ўвагу да помніку, які адкрываў кіраўнік МУСу Ігар Шуневіч, адчулі нарадзінец Менску Яўген Грыневіч ды ягоны сабака Бруна. Праўда, за зусім не мастацкі ўчынак.

«Мы пайшлі з мамай на вечаровую прагулку, і акурат праходзілі ля гарадавога. Як вы ведаеце, там акрамя гарадавога яшчэ сабачка, адліты ў бронзе. Бруна зацікавіўся сваім калегам і хутка падняў лапку і памеціў яго. Да нас падбег малады міліцыянт, які хацеў нас затрымаць і сказаў, што мы зняважылі помнік», – узгадвае гаспадара сабакі.

Калі Яўген і Бруна абышліся лёгкім спалохам, то Вячаславу Касінераву пагражае зняволенне на тэрмін да трох гадоў або арышт да шасці месяцаў. Раней актывіст ужо атрымліваў штраф у гучнай «справе графіцістаў» ды адседзеў 15 дзён за ўдзел у пратэсце 17-га лютага. Суд за «паліцыянта» адбудзецца напрыканцы красавіка.

Марына Вашкевіч, «Белсат»