За месцам сталінскіх расстрэлаў даглядаюць толькі актывісты і сваякі ахвяраў


Кабыляцкая гара пад Воршаю – другое месца ў Беларусі, якое дзяржава прызнала месцам сталінскага тэрору. Тут забівалі нявінных людзей.

Адзін з такіх расстраляных – Іван Гіль. Сваякі думалі, што іхны бацька і дзед памёр ад апендыцыту ў 1942 годзе. Пра тое, што насамрэч мужчыну яшчэ ў 1937 расстраляла НКВД, даведаліся толькі падчас перабудовы.

«Яго паставілі брыгадзірам у гэтай вёсцы. Прыехаў нейкі з вобласці і сказаў: трэба стагаваць сена. А ён – чалавек дасведчаны, сказаў: рана стагаваць, яно яшчэ не высахла. Але, начальнік сказаў – зрабілі», – узгадвае ўнучка расстралянага Ларыса Арэшына.

Сена, вядома ж, згніла. А ўсю віну звалілі не на гарадскога начальніка, а на брыгадзіра Івана Гіля. Вяскоўца расстралялі, а ягоных родных братоў адправілі будаваць Беламорскі канал.

Яшчэ на пачатку 90-ых за ўпарадкаванасць Кабыляцкай гары адказвала мясцовая школа. Але, паводле грамадскага актывіста Ігара Казмярчак, яна перастала даглядаць за помнікам на Кабыляцкай гары.

«Сёння гэта робяць толькі грамадскія актывісты і родзічы расстраляных. Усталёўваюць шыльдачкі з імёнамі загінулых, усталёўваюць крыжы», – кажа Казмярчак.

Само месца выявілі яшчэ ў 1982 годзе – парэшткі закатаваных знайшлі пры будаўніцтве адгалінавання чыгункі. Цяпер у генеральным плане прадугледжваецца пабудова дарогі праз святое месца. Стаўленне ўладаў – шакуе.

«Аднойчы яны нам напісалі ліст, у адказ на наш запыт, што ўвогуле ў іх няма доказаў, што тут расстраляныя людзі», – кажа Казмярчак. – Летась нам удалося такой перапіскай дабіцца таго, што ў выпадку, калі будзе будаўніцтва дарогаў тут, будуць даследаваны археолагамі».

Зрэшты, як дадае Ігар Казмярчак, такіх месцаў у ваколіцах Воршы налічваецца 6. На апошнім круглым стале мясцовыя актывісты пастанавілі заснаваць клуб сваякоў загінулых і распачаць інфармацыйную кампанію дзеля пашырэння ведаў аб рэпрэсіях на Аршаншчыне.

Вітаўт Сіўчык; фота – Вольга Віцебская