За кратамі трэці буйны бізнесовец. Гэтым разам - Эрнэст Аляксееў




Усяго праз тыдзень пасля затрымання Віталя Арбузава, за кратамі чарговы топавы бізнесовец. Следчы камітэт Беларусі затрымаў Эрнеста Аляксеева, якога называюць манапалістам на пастаўкі беларускай тэхнікі ў Туркменістан. Крыніцы парталу tut.by не выключаюць, што тут замяшаная канкурэнтная барацьба.

Між тым бізнес хвалюецца, што хваля арыштаў у дзелавых колах набывае характар масавай кампаніі.

Прычыненне маёмасных стратаў без прыкметы крадзяжу. Як патлумачылі нам у следчым камітэце, менавіта з гэткай фармулёўкай заведзеная крымінальная справа на бізнесоўца Эрнеста Аляксеева.

Кіраўнік холдынгу Yaraw апошнія 20 год займаўся пастаўкамі ў Туркменістан тэхнікі МАЗу, Амкадору, але таксама расейскіх ды ўкраінскіх вытворцаў. У 2014 годзе Ашгабат і Менск дамовіліся пабудаваць у Туркменістане сэрвісны цэнтр для абслугоўвання беларускай тэхнікі. Тэрмін быў дадзены самы сціслы – да канца 2015 году.

Аднак сэрвісны цэнтр своечасова не дабудавалі. Ці стала гэта падставай для абвінавачання – невядома. Крыніцы парталу тут бай дапускаюць, што праблемы ў бізнесоўца ўзніклі ў сувязі з яго статусам, практычна, манапаліста на буйныя пастаўкі беларускія тэхнікі ў Туркменістан. Маўляў, нейкія сілы хацелі, каб беларускія дзелавыя інтарэсы ў гэтай краіне прадстаўляў іншы чалавек, а Аляксееў не пагаджаўся сыходзіць.

Якая б ні была прычына арышту, хваля крымінальных спраў супраць бізнесоўцаў, якая разгарнулася ў апошнія месяцы, трывожаць усю дзелавую супольнасць.

На думку лідара руху індывідуальных прадпрымальнікаў, эфектыўна змагацца з карупцыяй трэба шляхам раскрывання дзейнасці чыноўнікаў. А крымінальная адказнасць за эканамічныя рызыкі, на яго думку, наадварот – шкодзіць дзелавому клімату.

Эрнэст Аляксееў – трэці з пачатку года буйны бізнесовец, якога затрымліваюць беларускія сілавікі. Трэці месяц у СІЗА КДБ знаходзіцца кіраўнік групы кампаніяў «Сармат-СТІ», знаны сваймі рэфарматарскімі выступамі ў прэсе. А літаральна тыдзень таму праваахоўнікі затрымалі Віталя Арбузава. Аднаго з найбуйнейшых бізнесоўцаў краіны падазраюць у няплаце падаткаў.

Станіслаў Івашкевіч, Менск